BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

У чацвер, 5 снежня, у Варшаве ладзяць адкрытую дыскусію «Ці трэба збіраць беларускія культурныя каштоўнасці за мяжой?» У кастрычніку 2024 года культурніцкая ініцыятыва MALDZIS выкупіла на аўкцыёне асобнік Статуту ВКЛ 1588 года. Відавочна, на міжнародным рынку гістарычных і мастацкіх каштоўнасцей знаходзіцца яшчэ шмат аб’ектаў, якія маюць важнае значэнне для беларускай гісторыі і таму могуць уплываць на развіццё беларускай нацыі цяпер. А гэта ставіць шэраг пытанняў: Ці ёсць сэнс збіраць за мяжой калекцыю беларускіх гістарычных артэфактаў? Ці магчыма ў замежжы функцыянаванне ўмоўнага «гістарычнага музея» і ў якім выглядзе? Ці варта цяпер перадаваць каштоўныя артэфакты ўнутр Беларусі? Што агулам можна знайсці на міжнародным рынку каштоўнасцей?

Удзел у сустрэчы бяруць: кіраўнік праекта Maldzis Павел Мацукевіч; кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін; гісторык, журналіст, былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. Мадэратар — Цімох Акудовіч.

У пятніцу, 6 снежня, у Кракаве святкуюць Мікалайкі — будзе тэатралізаваная праграма для дзетак ад 3 да 7 гадоў. Тут разгарнецца дзіцячая анімацыя, цікавосткі, гульні, падарункі і… захапленне. У фінале шоў можна будзе забрацца ў велізарную мыльную бурбалку! Згодна з традыцыяй на свята завітае і святы Мікалай з салодкімі падарункамі.

У суботу, 7 снежня, ў Беластоку грае канцэрт «Strange sun» Анастасія Рыдлеўская. Выступ паглыбіць у гіпнатычнае падарожжа, дзе злучаюцца даўно любімыя трэкі і новыя кампазіцыі з будучага трэцяга альбома. Канцэрт пабудаваны на рытмічных ударах барабанаў і шаманскіх мелодыях, стварае магічную атмасферу, у якой гукі становяцца правадырамі ў глыб асабістых перажыванняў. Кожная песня, як мантра, зацягвае слухачоў у бясконцы паток гукаў, распявае гісторыі пра нашу рэальнасць і ўнутраны супраціў ёй. «Strange sun» — гэта інтымны і магутны працэс самапазнання, праз які артыстка і гледачы пражывуць складаныя і супярэчлівыя эмоцыі.

У суботу ў Вільні ладзяць Белы зімовы баль. У праграме: еўрапейскія танцы. Усе простыя і з папярэднім тлумачэннем рухаў. Атрымаецца, нават калі вы да гэтага ніколі не танчылі! Першае аддзяленне: бальныя еўрапейскія танцы, а таксама танцы беларускія, украінскія, літоўскія. Другое аддзяленне: самыя розныя еўрапейскія танцы. Выступы гуртоў на беларускай, украінскай, літоўскай мовах. Шляхетныя сюрпрызы. Дрэс-код — штосьці белае.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя