У пятніцу 27 снежня ў Вільні граюць калядны спектакль «Прыгоды Яны ў чароўным лесе» на беларускай мове. Яна — дзяўчынка-падлетак, якая да гэтага часу захоўвае веру ў Зюзю, дабро і цуды. За гэта з яе здзекуюцца ў класе і вымушаюць адправіцца ноччу ў лес, каб даказаць існаванне Зюзі. Яна пераадольвае свой страх і ўваходзіць у начны казачны лес, дзе з першых хвілін трапляе на незвычайную памежную заставу, якая складаецца з Лешага, Ягі і Кікімары… Гэта гісторыя пра веру, пра экалогію, а галоўнае, пра дабро. Рэжысёр — Сяргей Здаранкоў.
У пятніцу ў Беластоку адбудзецца калядны канцэрт музыкаў з Вільні.
Абяцаюць выступ слыннага магілёўскага блюзмэна Юрыя Несцярэнкі і гурта «Гудаграй». Мы пачуем старыя хіты гуртоў «White Nigth Blues» i «Nestory Band», песні з альбомаў «Свята вялікіх дажджоў», «Аэрапланы ў вырай» і школьныя песні. Таксама пазнаёмімся з творчасцю новага віленскага гурта «Гудаграй», які грае ў стылі FOLK TALK.

У пятніцу ў Вільні святкуюць Каляды з Сержуком Доўгушавым. У праграме – традыцыйны абрад з Зоркай, Мядзведзем, Жоравам і Казлом, музычны выступ спадара Сержука пад колавую ліру і дудкі, зімовыя гульні, танцы, карагоды і конкурс на найлепшую Зорку.
27 снежня ў Беластоку адбудзецца вялікі калядны канцэрт Кацярыны Ваданосавай. У выступе спалучацца традыцыйныя беларускія інструменты з сучасным рок-гучаннем і пескаграфіяй.

Чакае і выступ адной з найлепшых сэндарт-мастачак свету Аляксандры Канафальскай, якая будзе ствараць жывыя пясочныя карціны падчас выканання песень, дадаючы візуальную магію да музычнай падзеі
У суботу, 28 снежня, у Варшаве грае калядны канцэрт Андрусь Такінданг. Кампанію складзе Андрэй Лугін. Зайграюць песні з новага альбома «Мір і Супакой», а таксама вядомыя хіты.
У суботу ў Варшаве граюць эратычна-музычную камедыю ў чатырох дзеях «Шчаслівы муж» паводле п’есы Францішка Аляхновіча. Пра мяшчанскую Вільню 1920-х. Прага кахання, імкненне быць тым, кім не з’яўляешся, жаданне задаволіць свой юр — усё гэта закідвае герояў у нечаканыя сітуацыі.
Таксама ў суботу ў Варшаве – аднаўленне традыцыі ўшанавання слуцкіх паўстанцаў.

Падчас вечару будзе адноўленая ўнікальная традыцыя ўшанаваньня памяці герояў Слуцкага збройнага чыну, якая існавала ў беларускай эміграцыі пасля здушэння Паўстання. Прыходзьце на імпрэзу, каб даведацца аб гэтай забытай традыцыі, прымеркаванай да даты сканчэння гераічнага выступу случчакоў. У імпрэзе прымуць удзел: ксёндз Вячаслаў Барок (малітва за спачын Слуцкіх ваяроў), вайсковы гісторык і мастак Віктар Ляхар (лекцыя па тэме Слуцкага збройнага чыну і арміі генерала Булак-Балаховіча). У музычнай частцы выступяць: Алесь-Францішак Мышкевіч (“The Superbullz”, “Volski”); Алесь Дзянісаў (“Dzieciuki”), Хор вольных беларусаў “Гук цішы”.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






