У пятніцу, 3 студзеня, этна-ф’южн гурт Kriwi грае канцэрт у Берліне. Калектыў – тры неверагодныя жаночыя галасы і безліч музычных ды відэаэфектаў.
У Познані працягваецца выстава беларускіх мастакоў DZIADY. Удзел бяруць Аляксей Лунёў, Арцём Бурак, Яўген Рагозін, Алег Ягер, Сяргей Шабохін, Вольга Архіпава, Вольга Стрыжнёва. Выстава прысвечаная даследаванню сінкрытычнага падыходу ў творчасці і адметных з’яў беларускай культуры, з ім звязаных.

У суботу, 4 студзеня, беларусы Нью-Ёрка святкуюць Каляды з Сержуком Доўгушавым. У праграме – удзел у традыцыйным абрадзе з Зоркай, Мядзведзем, Жоравам і Казлом; музычны выступ спадара Сержука з тэматычнымі песнямі пад колавую ліру і беларускія дудкі; зімовыя гульні, танцы, карагоды, сюрпрызы і розыгрышы; конкурс на найлепшую Зорку; святочны стол з 12 традыцыйных страў і супольнымі бяседнымі спевамі. Па традыцыі дзеткі могуць падрыхтаваць верш, танец ці песню для калядавання.
У суботу мастадонты беларускага рэгі гурт «Botanic project» грае канцэрт у Берліне. Прыходзьце на незабыўны сеанс музычнай тэрапіі. Любімыя песні «батанікаў» і не толькі, душэўныя размовы і правільныя вібрацыі на ўвесь год гарантаваныя.
У нядзелю Кацярына Сныціна, экс-капітанка нацыянальнай зборнай Беларусі па баскетболе, кліча беларусаў Лондана на трэніроўку-гульню ў баскетбол. Прыходзьце ў зручным адзенні і спартыўных красоўках, у якіх асабіста вам будзе зручна бегаць. І захапіце ваду і добры настрой.

У нядзелю, 5 студзеня, варшаўскі праект «Батлейка» вязе ў Люблін калядную пастаноўку «Бэтлеемская зорка». Са спевамі, гульнямі, майстар-класамі і рознымі іншымі прыемнымі неспадзяванкамі батлейка распавядзе гісторыю нараджэння Божага Сына.
У нядзелю беларусы Лос-Анджэлеса святкуюць Каляды. У плане – тэматычныя спевы, карагод у падтрымку сонца, танцы ды гульні, забавы для дзяцей.
У нядзелю гусляр Алесь Чумакоў і спявачка Таццяна Ячная граюць у Познані адразу два калядныя канцэрты. Пад акампанемент беларускіх гусляў прагучаць тэматычныя песні з Англіі, Ірландыі, Шатландыі, Уэльсу, Гішпаніі, Італіі, Францыі, Даніі, Фінляндыі, Румыніі, Украіны, Беларусі, Латвіі, ЗША, Венесуэлы і, канешне ж Польшчы, у перакладах класікаў і сучасных беларускіх паэтаў на беларускую мову. Уваход вольны, і будзе стаяць скарбонка для данатаў.

У нядзелю, гурт «Петля Пристрастия» грае ў Варшаве традыцыйны навагодні канцэрт. Такі выступ калектыў абавязкова граў напрыканцы кожнага года ў Менску. Некалькі гадоў таму традыцыя спынілася. Але цяпер аднаўляецца ў Варшаве.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






