BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

У панядзелак, 13 студзеня, у Варшаве беларускі хор «Concordia» пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай дае канцэрт-перформанс харавой музыкі а cappella «Пагружэнне».

Гэта спроба сцерці межы паміж выканаўцамі і слухачамі. Падчас падзеі любы слухач можа перамяшчацца і выбіраць сабе месца, адкуль яму будзе зручней і лепш успрымаць музыку.  Ён можа стаць часткай хору і выбраць сабе месца каля любога з харыстаў і, такім чынам, апынуцца ўнутры гучання. Таксама і харысты могуць перамяшчацца і станавіцца побач са слухачамі або вакол канкрэтнага чалавека, ствараючы такім чынам гукавое кола. Некаторыя творы спецыяльна будуць выконвацца без тэксту, каб не навязваць нейкі сюжэт, што дазволіць успрымаць музыку па-свойму.

У аўторак, 14 студзеня, у Таронта адбудзецца паказ дакументальнага фільма «Гэты род надзеі», прысвечанага Андрэю Саннікаву.

Па сеансе пройдзе  гутарка з галоўным героем –  спадаром Саннікавым.

У аўторак у Гданьску — Калядная вечарына беларускіх танцаў з майстар-класам па «Лявонісе». Прыходзьце таньчыць так, каб у Варшаве было чуваць. Тут чакае жывое гучанне дуды, скрыпкі, цымбалаў, бубна і акардэона ад Kapely Tryhradzkaj. Перад танцамі вас чакае майстар-клас па «Лявонісе» кадрыльнага тыпу.

 У аўторак у Варшаве – калядны канцэрт Хору Вольных Беларусаў «Гук цішы». Абяцаюць калядкі розных народаў і сусветныя хіты па-беларуску.

У аўторак прадзюсарская ініцыятыва INEX KULT запрашае на спектакль «Радзіва Прудок» паводле Андруся Горвата. Спектакль, заснаваны на рэальных падзеях, расказвае пра жыццё журналіста з Менска, які працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры, а ў пэўны момант вырашыў з’ехаць у палескую вёску Прудок — адбудоўваць дзедаву хату і адкрываць сваю паляшуцкую сутнасць. Гэтая гісторыя стала дзённікам, дзённік — кнігай, кніга — спектаклем. Граюць Міхась Зуй, Святлана Анікей, Зміцер Есяневіч.

У аўторак у Варшаве грае канцэрт гурт «Hajda Banda». Абяцаюць два танцавальныя сэты, напоўненыя песнямі, прыпеўкамі і танцамі. Hajda Banda / Гайда Банда — польска-беларускі гурт, які выконвае традыцыйны танцавальны і вакальны рэпертуар з Падляшша, Заходняй Беларусі і Палесся і робіць гэта драйвова.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя