У чацвер, 16 студзеня, праект «Culture Makes» запрашае на анлайн-лекцыю Вікторыі Табак «Стратэгіі сучаснага крытычнага тэатра Заходняй Еўропы». Тут разгледзяць стратэгіі і праекты выбраных творцаў, якія працуюць у кантэксце польскага і еўрапейскага тэатра. Які ўплыў на грамадства мае сучасны тэатр? Як крытычнае мастацтва можа стаць часткай жыцця супольнасцяў? Што адбываецца, калі тэатр пераносіцца ў грамадскую прастору? Гэтыя пытанні абмяркуюць са спікеркай — Вікторыяй Табак, тэатральнай крытыкесай, акадэмічнай выкладчыцай, аспіранткай. Мадэратарка — Бажэна Шамовіч, тэатральная дзеячка і куратарка.
У чацвер і пятніцу Ігар Шугалееў паўтарае ў Варшаве свой знакаміты перформанс «375 0908 2334. Цела, якому вы тэлефануеце, зараз недаступнае». 375 — тэлефонны код Беларусі. 0908 — дата прэзідэнцкіх выбараў. 2334 — артыкул, па якім асуджалі ў 2020-м людзей, якія выйшлі на мірныя пратэсты. У суправаджэнні жывой відэапраекцыі і гучнага ходу гадзінніка Шугалееў падвяргае сябе катаванням, праз якія прайшлі пратэстоўцы ў Беларусі. Стаўшы на калені перад сцяной, заклаўшы рукі за спіну, апусціўшы галаву, ён спрабуе даць аблічча закатаваным людзям, ад якіх у СМІ ў асноўным засталіся толькі лічбы ці пікселі. І заклікае да салідарнасці.

У чацвер гурт «Ляпіс Трубяцкі» грае канцэрт у Празе. Тут чакае паўнавартасны электрычны сэт і драйв жывога гуку. Каманда выканае праграму THE BEST, дзе будуць нятленкі і новыя творы.
У пятніцу, 17 студзеня, ў Хельсінкі пакажуць дакументальны фільм «Выпадковы прэзідэнт» пра Святлану Ціханоўскую.

Гэтая карціна пра барацьбу за справядлівасць перад абліччам дзяржаўнага тэрору і надзеі нацыі стварыць новую дэмакратычную краіну на руінах савецкага мінулага.
У пятніцу ў Вільні – творчы вечар Анатоля Хіневіча – лаўрэата прэміі Аляхновіча 2023 за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Падчас 2.5-гадовага тэрміну за кратамі ён напісаў амаль 100 вершаў.
У пятніцу ў Варшаве – андэграўндны фэст JUNACTVA. У цэнтры ўвагі — творцы тэатра і музыкі, чые тэксты аб’ядноўваюць абсурд і іронію. Іх досвед ператварае музыку ў незабыўныя перформансы — сінтэз гуку, святла і эмоцый. Удзел бяруць «Касіяпея», Ягор Забелаў, праект WTBSK і «Zui».

У пятніцу ж у Варшаве граюць вялікі супольны канцэрт беларускія індзі-гурты. Марозныя гукі, энергія бунтарства і меланхолія, узятыя наўпрост з беларускай душы. Удзел бяруць гурты “Kowelskie Psy” (электрапанк, які не зусім упісваецца ў трэнд #coldwave, але яго дэпрэсіўныя, сацыяльныя і экзістэнцыяльныя тэксты трапляюць у сэрцы). “Serbskiy Nozh” (постпанк і спроба знайсці гучанне, якое адлюстроўвае актуальныя тэмы, звязаныя з палітычнай і гістарычнай спадчынай Беларусі і Усходняй Еўропы), “Sož” (electro postpunk з Гомеля, названы ў гонар мясцовай ракі), “Prorva” (coldpunk і прамая, класічная для жанру лірыка ў спалучэнні з меладычным гітарным дуэтам стварае сусвет страчанага свету).
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






