BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

Сёння, 29 студзеня, ва Уроцлаве адбудзецца тэатральная чытка «За_быццё» па п’есе «Ноч казак». Старыя легенды, абрады, паданні, якія пераходзяць з пакалення ў пакаленне.

8 навел, пераплеценых ніткай часу, ахінаюць гледача атмасферай беларускага фальклору, звязваючы мінулае з сучаснасцю. Гэтыя гісторыі збіралі ў Беларусі. А ці ёсць у вас сямейная легенда? Прапануюць падзяліцца на абмеркаванні пасля чыткі.

У чацвер, 30 студзеня, Fem*Hub запрашае на «Моўныя кавярні» ў Берліне. Гэта серыя сустрэч, дзе можна практыкавацца ў беларускай мове і абмяркоўваць цікавыя тэмы з гендарнай перспектывы. Гэтым разам паразмаўляюць пра важную частку любой кавярні, а менавіта пра каву.

Якую ролю мае гэты напой у нашым паўсядзённым жыцці?  Якія каланіяльныя гісторыі хаваюцца за ёй? І ці прысутнічала кава ў жыцці беларусаў на працягу апошніх стагоддзяў?

У чацвер у Стакгольме адбудзецца прэзентацыя кнігі тоні лашдэн «Чорны лес». Твор — гэта не фантастыка і не антыўтопія, а рэалістычнае па сваёй сутнасці адлюстраванне свету, у якім знайшлі сябе беларусы і беларускі пасля 2020 года. Страх перад чалавекам у форме, страта радзімы, стойкасць і супраціў размешчаны ў класічных беларускіх топасах балота, мяжы, вёскі, якія атрымліваюць здольнасць дзейнічаць насуперак тым, хто заявіў над імі сваю ўладу. Гэты тэкст, напісаны на расейскай і беларускай мовах, фіксуе траўматычны досвед 2020-2023 і стварае новыя спосабы рухацца далей. На сустрэчы спадарыня Тоні раскажа пра шлях кнігі і сваю працу з супольнасцямі ўнутры і за межамі Беларусі: пра калектыўны пошук папараць-кветкі, мастацкі праект вакол кнігі, падтрымку жанчын-палітвязынак і рэзідэнцыю па экапісьменніцтве ў Беларусі.

У чацвер у Варшаве адкрываецца выстава Дар’і Калечыц «PIGEON BLUES». Аўтарка — беларуская мастачка, якая спецыялізуецца на анімалізме, сімвалізме і канцэптуалізме. Яе творчасць даследуе шматпластовасць жыцця праз вобразы жывёл, флуарэсцэнтныя фарбы і ультрафіялетавае асвятленне. Яе творы змяняюцца на вачах у гледача, раскрываючы схаваныя сэнсы і дэталі.

У пятніцу, 31 студзеня, ладзяць у чарнагорскім Бары дабрычынны канцэрт «Простыя рэчы» ад гурта «Новы дзень». Артысты — навучэнцы Adriatic College.  У праграме — папулярныя беларускія песні: ад фальклору і поп-музыкі да рок-балад і пратэстных песень апошняга часу. Місія канцэрта — збор донатаў для сям’і дзесяцігадовага Арцёма, чые бацькі знаходзяцца ў беларускай турме па палітычных матывах.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя