У панядзелак у Браціславе ладзяць майстар-клас па саламяных павуках.

Прапануюць сплесці магічную істоту і, вядома, даведацца больш пра пляценне з саломы. Усе матэрыялы будуць чакаць ужо на месцы. Ад гасцей — толькі цярпенне, бо плесці павука ўпершыню даволі складана. Камусьці хопіць аднаго занятка, а камусьці будзе трэба ўсе тры. Бярыце штосьці на агульны стол да гарбаты з кавай ды добры настрой.
У аўторак у Познані чытае лекцыю «Воўк таксама чалавек» Віктар Фянчук, спецыяліст па ахове прыроды, ініцыятар кампаніі па захаванні ваўкоў у Беларусі. У праграме: сучасныя даследаванні ваўкоў, гісторыі пра навуковыя адкрыцці, якія змяняюць нашае разуменне жыцця ваўкоў; расповеды, як гэтыя істоты жывуць у адным з найстаражытнейшых лясоў Еўропы і як яны адаптуюцца да змен у прыродзе, а таксама пра ролю жывёл у экасістэме лесу. Ваўкі — важныя ўдзельнікі прыродных працэсаў. Паразважаем, як яны дапамагаюць захоўваць баланс у прыродзе і як іх адсутнасць можа змяніць экасістэму.
У аўторак і сераду беларускі Тэатр_безназвы грае ў Гданьску спектакль «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Гэта гісторыя трох дзяўчын-імігрантак, якія выпадкова сустракаюцца на пляжы ў Гданьску. Яны дамаўляюцца пра сустрэчы каля мора і дзеляцца сваім досведам і пацешнымі гісторыямі пра пераезд: моўных бар’ерх і падарожжах, спробах пазнаёміцца і асімілявацца, пошуках адказу на пытанне «што такое дом», пошуках раёнаў горада, падобных на іх родныя месцы, і шмат чым іншым. Аднак пры спробе ўладкавацца на плячах усё яшчэ вісіць «заплечнік ранейшага жыцця», які даволі цяжка скінуць.
У пятніцу ў Празе граюць спектакль «Крэмулятар» паводле рамана Сашы Філіпенкі. Гэта гісторыя лётчыка і белагвардзейскага афіцэра Пятра Несцярэнкі, які пасля працяглых нягод эміграцыі пачатку ХХ стагоддзя заключае дамову з Саветамі і вяртаецца на радзіму. Гэта гісторыя пра жангліраванне і выбар уласнай праўды, пра яе сціранне і непазнавальнасць для многіх пакаленняў, пра эміграцыю і вайну мінулага стагоддзя; пра веру, вялікае каханне, якое нічога не значыць, калі самы адданы глядач — тыран. Рэжысёр — Максім Дзізенка.
Беларускае Радыё Рацыя
Здымак ілюстрацыйны






