BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

У суботу, 8 лютага, беларусаў Прагі клічуць на заняткі традыцыйнымі беларускімі спевамі. Развучаць традыцыйныя песні з розных рэгіёнаў Беларусі ды заспяваюць разам.

У суботу Зміцер Лукашук прэзентуе ў Цюрыху трэці том кнігі, прысвечанай нацыянальнай ідэі. Адмысловы госць сустрэчы — Алесь Дзянісаў з гурта «Dzieciuki». У выданні сабраныя 67 інтэрв’ю, якія спадар Зміцер правёў у межах праграмы «Ідэя Х». Яны прысвечаныя таму, як заставацца беларусам нават у далёкім замежжы і як заставацца чалавекам нават на вайне. Гэтым разам сярод герояў кнігі – прадстаўнікі «маладой дыяспары» з Польшчы, Літвы і Грузіі і беларусы, якія з’ехалі за мяжу шмат гадоў таму.

У суботу ў Філадэльфіі – сустрэча з журналістам і пісьменнікам Аляксандрам Чарнухам. У праграме – прэзентацыя новай кнігі «Гвалт», знаёмства з цікавай, але малавядомай беларускай музыкай, гісторыя гурта «Molchat Doma», размова пра актуальныя і балючыя пытанні.

У суботу ў Беластоку – аўтарскі вечар Змітра Бартосіка «Смяяцца, плакаць і спяваць». Абяцаюць незвычайны вечар, напоўнены шчырымі гісторыямі, жывымі эмоцыямі і прыгожай музыкай. Спадар Зміцер –  бард, журналіст і пісьменнік – рыхтуе:  прэзентацыю кнігі «Забіць упалмінзага» — анекдоты і апавяданні, якія заснаваныя на рэальных падзеях.  Аўтарскія песні 1990-х гадоў і віленскія балады, якія пранясуць нас праз час і прастору.  Класіку ў перакладах Рыгора Барадуліна: творы Аляксандра Вярцінскага, Булата Акуджавы і Уладзіміра Высоцкага. На баяне Змітра Бартосіка падтрымае Тацяна Карпіловіч.

У чацвер, суботу і нядзелю ў Мюнхене граюць спектакль Кейтлін ван дэр Маас і Лены Гарэлік «Тры парсючкі на вайне». Твор, заснаваны на дакументальных матэрыялах, разгортваецца ў правінцыйным лялечным тэатры Беларусі ў першыя месяцы вайны ва Украіне. Праз сродкі дакументальнага і лялечнага тэатраў Кейтлін ван дэр Маас і Лены Гарэлік разглядаюць цяпершнюю палітычную сітуацыю ў трох дзяржавах — Беларусі, Украіне і Расеі, а таксама разважаюць пра заняпад мастацкай сцэны падчас дзяржаўнага тэрору ў Беларусі.


У нядзелю, 9 лютага, у Н’ю-Ёрку – прэзентацыя кнігі пра Янку Запрудніка, выбітнага дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША.

У нядзелю ў Варшаве Андрэй Саўчанка з Тутэйшага тэатра грае «Страту» ў тэхніцы ready-made. Аднойчы рэжысёр Андрэй Саўчанка знайшоў ля дваровага гарадскога сметніка старую валізку, ў якой апынуўся стос разарваных фотаздымкаў. Чыйсьці сямейны архіў. Далейшае жыццё знаходкі — у першай гісторыі «Памяць». Другая частка «Дом» — гісторыя пра дзедаўскі маёнтак, спалены маланкай. Асновай тэхнікі ready-made, у якой пастаўлены спектакль, з’яўляецца трансфармацыя ўтылітарных рэчаў у твор мастацтва і пошук іх новага жыцця. Так, валізка з фатаздымкамі і элементы-артэфакты сельскай хаты, якія ўдалося перавезці ў Варшаву, жывуць і ўтрымліваюць памяць на сцэне.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя