BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

У Варшаве працуе выстава Ніны Маргаевай «Крок насустрач». Работы мастачкі адлюстроўваюць глыбокі погляд на штодзённае жыццё, ператвараючы звычайныя пейзажы, простыя формы і прадметы паўсядзённасці ў знакі асабістых перажыванняў і эмоцый.

Асаблівае месца ў экспазіцыі займае серыя «Жыццё на пятым паверсе», у якой мастачка адлюстроўвае лёгкасць і складанасць штодзённасці. У абмежаванай прасторы пяціпавярховых кватэр паўстаюць элементы самоты і ізаляцыі, і праз гэтыя вобразы глядач атрымлівае магчымасць асэнсаваць уласныя думкі і эмоцыі. Шматслойныя каляровыя пераходы і мяккасць пастэлі перадаюць пульс жыцця, схаваны за цішынёй статычных аб’ектаў. Таксама ў экспазіцыі дэманструюцца працы з серый «Баранавічы» і «Палюбіць Варшаву за 100 дзён», якія выходзяць за межы інтэр’ерных выяў і звяртаюцца да свету прыроды і архітэктуры.

Таксама ў Варшаве працуе выстава Сяргея Шабохіна «Шчыліна. Контрманументальны квір». У мастацкіх практыках – перагляд формаў візуальнага гвалту дзіўным чынам спалучаецца з крытыкай механізмаў падаўлення квір.

У нядзелю, 20 кастрычніка, ва Уроцлаве дае гарачы стэндап Саша Калінкін з суполкі комікаў «Пан Стэндап». Напісаны матэрыял – “гісторыя хваробы”, што вызначыла лёс коміка. Гэта не проста забаўляльны канцэрт, а шчыры дыялог пра тое, якім жыццё можа быць цяжкім і ў той жа час поўным яркіх момантаў і смеху. Нас чакае іранічны, кранальны, напоўнены эмоцыямі і ўнікальным поглядам на свет cтэндап.

20 кастрычніка, у нядзелю, Света Бень грае канцэрт у Лондане. На канцэрце-кватэрніку Бенька выканае свае песні пад укулеле, гармонік і кішэннае піяніна. Размовы пра ўсё на свеце, вершы, гучнае і ціхае, смешнае і нямое, прыгожае і адштурхваючае, вельмі важнае і абсалютна бескарыснае — усё ў гэты вечар сустрэнецца, перамяшаецца і ператворыцца ў нешта непазбежна далікатнае і немагчымае для апісання. Як і належыць кватэрніку, канцэрт будзе напоўнены размовамі, вершамі, нечаканасцямі.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя