У пятніцу, 7 сакавіка, у Варшаве адбудзецца сустрэча «Правы жанчын-мігрантак у Польшчы». На падзеі польскія і беларускія спецыялісткі ў галіне абароны правоў распавядуць пра тое, як абараніць сябе, сваю сям’ю і дзяцей, а таксама адкажуць на пытанні — напрыклад, пра разводы з часовым відам на жыхарства, статусам уцякачкі альбо міжнароднай абароны ў Польшчы, атрыманне дапамогі на дзяцей і г.д.

У пятніцу ў Познані грае канцэрт для забавы, роздуму і танцаў гурт «Hajda Banda». Абяцаюць прэзентаваць свежанькі альбом «Niepraudzivaya». Hajda Banda / “Гайда Банда” — польска-беларускі гурт, які выконвае традыцыйны танцавальны і вакальны рэпертуар з Падляшша, Заходняй Беларусі і Палесся – і робіць гэта драйвова.
У пятніцу беларусы Берліна гукаюць вясну. Адвечнае беларускае свята спалучыцца з вечарам музыкі, мастацтва і салідарнасці. У праграме: выступы маладых музыкаў, DJ-сэт беларускай электроннай музыкі, тэатр ценяў, танцы ды абрады ды вернісаж запрошанай мастачкі Кацярыны Бютген.
У суботу, 8 сакавіка, беларусаў Беластока клічуць на экскурсію па Рынку Касцюшкі. План такі: раскажуць, з чаго ўсё пачыналася і як: Весялоўскія, Браніцкія, лёсавызначальныя пажары, яўрэі і гандль.

Прыгледзяцца, што за будынкі і вуліцы атачаюць Рынак Касцюшкі. І чаму яны сёння ўсе такія… розныя? Што за драматычныя гісторыя разгортваліся на іх падворках? Паразглядаюць дэталі — манеты, партрэты, графіку.
У суботу ў Варшаве – новая сустрэча з цыклу «Кава з гісторыкам». Тэма падзеі — «Права на супраціў у ВКЛ другой паловы 16-га — пачатку 17-га стст.» Пагаворым пра тое, як з’явілася і дзейнічала права на супраціў у ВКЛ. Даведаемся, як інтэлектуалы і палітычныя дзеячы Еўропы і ВКЛ разумелі, хто і пры якіх абставінах можа арганізаваць супраціў кіраўніцтву дзяржавы.
У суботу ў Варшаве жаночы хор «Спевы з-пад моста» пад кіраўніцтвам спявачкі Русі запрашае адсвяткаваць Міжнародны дзень барацьбы жанчын за свае правы. У праграме: майстар-класы ад мастачак калектыву, маркет з вырабамі таленавітых жанчын, музычная праграма, адкрытае кола SPIEVY, дзе праз архаічную жаночую практыку можна будзе дакрануцца да супольнай глыбіні і зазірнуць унутр сябе.
У суботу ў Вільні ладзяць арт-варштат «Марш лялек».

Нас чакаюць заняткі па стварэнні падтрымліваючых лялек-персанаж:ак з паперы. Праца з паперай і простымі матэрыяламі дапаможа стварыць сваю ўнікальную персанажку — яна можа ўвасабляць як рэальных актывістак руху за правы жанчын, так і новую персанажку са сваёй гісторыяй, якая сімвалізуе салідарнасць і падтрымку.
У суботу ў Гамбургу грае канцэрт гурт «IRDORATH». Кампанію складзе Lucina Soteira. Абяцаюць таксама вогненнае шоу з «Die Feuertante».
У суботу ў Беластоку выступіць калектыў :B:N: (BIAZ NAZVY). Будзе прэзентацыя новага альбому «20+»!
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






