У суботу, 22 сакавіка, у Рызе – сустрэча пра кіно. Прапануюць высветліць, што гэта такое — беларускае кіно, паглядзець на яго гісторыю і сучасны стан. Крыху павучыцеся, пагуляеце і падрыхтуецеся да сумеснага паходу ў кінатэатр на наступным тыдні.
У суботу ў Познані адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікам Севярынам Квяткоўскім. Спадар Севярын запрашае на кароткія іранічныя, а часам проста смешныя гісторыі з жыцця беларусаў у Польшчы, Грузіі і ўласна Беларусі. Героі гісторый — ад прадавачкі ў краме да вядомых артыстаў і нават палітыкаў. Аўтар анансуе выхад новай кнігі «Мы ідзём на Марш!»

У суботу ўсе ахвотныя ў Вільні могуць далучыцца да вандроўкі па Віленшчыне «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!», прымеркаванай да 185-годдзя Францішка Багушэвіча. Таксама ў планах наведаць музей Уладзіслава Сыракомлі, сярэднявечны замак у Медніках ды іншыя навакольныя цікавосткі.
У суботу ў Варшаве грае вясновы канцэрт «Пошукі адказаў» Зміцер Вайцюшкевіч. Пра жыцце, вясну, жанчыну, каханне, здраду, сэнсы — банальныя адказы на складаныя пытанні. Прапануе шукаць іх разам.
У нядзелю, 23 сакавіка, у Беластоку адбудзецца прэм’ера спектакля «Віця» да 100-годдзя народзін беларускага паэта Віктара Шведа. Мы памятаем яго перш за ўсё як аўтара дзіцячых кніг. Ягоная паэзія ўтрымлівае ноткі гумару, якія адначасова і забаўляюць, і вучаць. Што будзе, калі група сучасных дзяцей патрапіць у свет фантазіі з паэзіі Віктара Шведа? Атрымаецца штосьці неверагоднае, калі можна спалучыць традыцыі з сучаснасцю ці рэп з колавай лірай.

У нядзелю ў розных гарадах і краінах беларусы адзначаць Дзень Волі. Адна з падзей пройдзе ў Варшаве – яна будзе ўключаць шэсце, мітынг і канцэрт. Мерапрыемства пачнецца ў 13:00 на плошчы Трох Крыжоў. На пляцоўцы выступяць ксёндз Вячаслаў Барок, грамадска-палітычныя дзеячы, а таксама ўкраінска-беларускі фэнтазі-фолк-гурт Captain Hmiel. Затым, несучы вялізны бела-чырвона-белы сцяг 330 метраў, беларусы накіруюцца да Замкавай плошчы. Тут таксама будуць чакаць прамовы ад вядомых беларускіх палітыкаў, сярод якіх – Павел Латушка, Павел Баркоўскі, Анжаліка Мельнікава і Вячаслаў Сіўчык.
Акрамя таго, сёлета арганізатары падрыхтавалі шмат інтэрактыву. Так, у праграме – спевы з лідарам гуртоў “Dzieciuki”, “Кальян”, “Людзі на балоце” Алесем Дзянісавым, танцы з удзелам прадстаўнікоў Школы беларускай традыцыйнай культуры. Завяршальным жа акордам падзеі стане акустычны панк-выступ беларускага гурта з Беластока Kurwadziki. Музыка бэнду – гэта іранічны гімн выгнання, пра тых, хто вымушаны шукаць новы дом, але не хоча забываць стары.
Шукайце свой горад у раскладзе мерапрыемстваў да Дня Волі – і далучайцеся да святкаванняў.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






