У пятніцу, 25 кастрычніка, у Вільні – сустрэча чытацкага клуба «Нерасстраляныя. Неўтаймаваныя». Абмяркуюць зборнік вершаў «Нерасстраляныя» і кнігу «DOM. Паэзія выгнання», аўтар якой – Сяржук Сыс.
У пятніцу ж у Варшаве – лекцыя-канцэрт Святланы Талатай «Напалеон Орда. Беларускі медыйшчык у эміграцыі» з жывой музыкай.
У Беластоку ў гэты ж вечар граюць супольны канцэрт «Кашлаты Вох» і «Kurwadziki». Першы гурт — яскравы прадстаўнік андэрграўнднай сцэны, вядомы сваімі хуліганскімі тэкстамі і нястрымным стылем. «Kurwadziki» — беларускія панкі, іх музыка — голас пратэстуючай Беларусі, поўны сатыры і бунтарскага настрою.

З 25 па 27 кастрычніка на Падляшшы праходзіць Фестываль песні «Бардаўская восень». Івэнты ладзяцца ў Гайнаўцы, Беластоку і Бельску-Падляскім. Сярод падзей – сустрэча з літаратарам Уладзімірам Някляевым; выступ гурта NAVIBAND, уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава.
У суботу, 26 кастрычніка, Света Бень грае канцэрт у Мюнхене. Пад акампанемент укулеле, гармонікі і покет-піяна прагучыць мноства песень і крыху вершаў, вельмі розных.

26 кастрычніка, у суботу, у Беласток прыбывае з канцэртам Лявон Вольскі. Кампанію яму складзе Алесь-Францішак Мышкевіч, вядомы бас-гітарыст Беларусі, лідар рок-гурта «The Superbullz», удзельнік калектываў «Крамбамбуля», «Brutto», «J:Морс» і іншых.
26 кастрычніка беларускі Тэатр_безназвы грае ў Гданьску спектакль «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Гэта гісторыя трох дзяўчын-імігрантак.
У суботу, 26 кастрычніка, у Варшаве граюць супольны канцэрт праекты OliA SHNIP Band і SYNDROM SAMAZVANCA. Апошні калектыў – з Менску, цяпер жыве ў Варшаве і грае псіхадэлічны рок/краўтрок/арт-панк. OliA Shnip Band выконвае блюз/гаражны рок/фанк/фолк/арт-поп/кінематаграфічны/барочны поп.

У нядзелю, 27 кастрычніка, у Варшаве – тэатральная прэзентацыя спеўніка Ларысы Сімаковіч і Барыса Жанчака для маленькіх «Мілыя мясціны» для беларусаў усяго свету.
У нядзелю, 27 кастрычніка, у Беластоку – майстар-клас па музычна-гукавой імправізацыі з Дар’яй Новік. Будзе цікава тым, хто хоча адкрыць для сябе свет гуку і імправізацыі.
27 кастрычніка ў Варшаве – падзея, прысвечаная прэм’еры паэмы «Каляды» і прэзентацыі новай кнігі «Без Айчыны» Уладзіміра Някляева. Музычнае суправаджэнне вечара забяспечыць мультыінструменталіст Дзмітрый Дуганаў. А на экране будзе дэманстравацца відэаафармленне ад мастачкі Аляксандры Канафальскай.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






