BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

Гурт “Петля Пристрастия” распачынае свой тур. Калектыў – адзін з галоўных беларускіх рок-бэндаў. На рахунку хлопцаў шэсць паўнафарматных альбомаў і незлічоная колькасць канцэртаў. У рамках еўрапейскіх выступаў гурт прэзентуе свежы беларускамоўны альбом “Суперпазiцыя”.

Канцэрты пройдуць у Вільні (13.11), Рызе (15.11), Таліне (16.11), Гданьску (19.11), Уроцлаве (20.11), Познані (21.11), Вене (24.11), Бялградзе (25.11), Кракаве (27.11), Лодзі (28.11), Варшаве (29.11), Берліне (1.12), Лімасоле (11.12), Ерэване (13.12), Тбілісі (14.12) і Батумі (15.12).

У Беластоку працягваецца выстава Кацярыны Ваданосавай «Строй». На падзеі можна пабачыць 14 строяў, усе элементы адзення і аксэсуары маюць адпаведнікі ў гістарычных крыніцах. Імпрэза працуе да 28 лістапада.

У аўторак, 12 лістапада, у Лондане адкрылася выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Ангелавай. Дзяячка пачала маляваць партрэты зняволенных у лістападзе 2020 года. Партрэтаў ужо амаль 850. Выстава працуе ўсяго тры дні, па 14 лістапада. Уваход вольны.

У чацвер, 14 лістапада, у Варшаве — вечарына з Алесем Ждановічам – Маляванычам. Ці ведаеце вы, што такое батлейка? Адкуль сумесь сакральных і жартоўна-бытавых матываў дзеі? Мы не толькі паслухаем і паглядзім, але і возьмем удзел у спектаклі «Цар Ірад» і пазнаем у вобразах кананічнага старажытнага расказа персанажаў сучаснай беларускай гісторыі. У другой палове вечарыны Маляваныч прэзентуе свае кніжкі і прачытае казкі. Сустрэча разлічана на дарослую аўдыторыю.

У пятніцу, 15 лістапада, у Кракаве адбудзецца лекцыя пра міграцыю і адаптацыю ў новай краіне ад сузаснавальніка MentalYouNited, моладзевай адукацыйна-даследчай ініцыятывы ў накірунку  псіхічнага здароўя, нейраразнастайнасці і інклюзіі.  Як справіцца з адчуваннем адзіноты і культурным шокам? Як падтрымліваць унутраны баланс і ўпэўненасць ва ўмовах нявызначанасці? Як спраўляцца з адчуваннем настальгіі і суму па доме? Лекцыя будзе карыснай для ўсіх, хто сутыкнуўся з адаптацыяй у новай краіне, і прапануе практычныя парады для камфортнага жыцця на новым месцы.

15-18 лістапада ў Варшаве пройдзе фестываль PRADMOVA. Ён збярэ выбітных аўтараў, мастакоў, даследчыкаў і музыкантаў, каб абмеркаваць культурныя і сацыяльныя пытанні, якія знаходзяць водгук у сучасным грамадстве. У пятніцу чакаецца ўрачыстая цырымонія і адкрыццё выставы ART PRADMOVA, што прадставіць творы ўдзельнікаў сёлетняга конкурсу — маладых дызайнераў і кніжных ілюстратараў. Праграма дня працягнецца дыскусіяй «Доўгая дарога ад Быкава» з удзелам Святланы Курс, Андрэя Хадановіча, Андрэя Масквіна і Адама Міхніка. На завяршэнне вечара — канцэрт беларускіх гуртоў “Разбітае Сэрца Пацана”, Harotnica, Trava і Кміт-ансамбль, які стане сапраўдным святам беларускай музыкі.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя