BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

У пятніцу, 15 лістапада, Света Бень грае канцэрт у Лондане. На гэтым кватэрніку Бенька выканае свае песні пад укулеле, гармонік і кішэннае піяніна.

Размовы пра ўсё на свеце, вершы, гучнае і ціхае, смешнае і нямое, прыгожае і адштурхваючае, вельмі важнае і абсалютна бескарыснае — усё ў гэты вечар сустрэнецца, перамяшаецца і ператворыцца ў нешта непазбежна далікатнае і немагчымае для апісання. Як і належыць кватэрніку, канцэрт будзе напоўнены размовамі, вершамі, нечаканасцямі.

16 лістапада ў суботу ў Варшаве грае канцэрт YAŪGEN. Гэта сольны праект беларускага музыкі Яўгена Курыльчыка з фолькам і аўтарскімі песнямі на роднай мове. Будзе прэзентацыя дэбютнага альбома «U HAJU», які ўвабраў у сябе 9 беларускіх народных песен, пераасэнсаваных у неафолькавым гучанні. Альбом атрымаўся разнастайным, у рознахарактарных стылях — ад шаманскай медытацыі да лірычнай балады. Канцэрт ладзіцца ў межах праграмы фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA у Варшаве.

Сам жа фэст “PRADMOVA” адбудзецца з 15 па 18 лістапада ў сталіцы Польшчы. Так, у пятніцу імпрэза стартуе ўрачыстай цырымоніяй і адкрыццём выставы ART PRADMOVA, што прадставіць творы ўдзельнікаў сёлетняга конкурсу. На завяршэнне вечара — канцэрт беларускіх гуртоў “Разбітае Сэрца Пацана”, Harotnica, Trava і Кміт-ансамбль, які стане сапраўдным святам беларускай музыкі.

У другі дзень фестывалю госці змогуць наведаць дыскусіі пра беларукага Дастаеўскага і палітычную і культурную ідэнтычнасць краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, абмеркаваць стратэгіі існавання беларускага тэатра ў эміграцыі і даведацца, як мова можа стаць сапраўдным героем эпасу. Апрача таго, госці фестывалю змогуць наведаць прэзентацыі манаграфій і даследаванняў па гісторыі і тэатральным мастацтве, а таксама новых выданняў беларускай і замежнай літаратуры.

Сярод іншых падзей дня — прэзентацыя кнігі Таццяны Шчытцовай пра беларускую рэвалюцыю, размова пра фемінізацыю беларускай мовы з Уладзіславам Гарбацкім, а таксама выступы беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, што плаўна перацякуць у Вечар Паэзіі.

Маленькіх і дарослых гасцей фестывалю чакае магчымасць паўдзельнічаць у разнастайных майстар-класах: стварэнне ілюстрацый з Эльгай Паповай, асваенне аналагавых тэхналогій пісьма з Антосем Сівых, варкшоп па трафарэтным друку са Святланай Дземідовіч і эксперымент з калажамі ад Ірыны Арахоўскай. На большасць майстар-класаў патрэбная рэгістрацыя.

Нядзельная праграма аб’яданае музыку, літаратуру, дыскусіі і творчыя сустрэчы. Дзень распачнецца канцэртам Алеся Папковіча «Між берагамі»: аўтар праз музыку даследуе беларускую ідэнтычнасць і культурныя перакрыжаванні . Праграма працягнецца абмеркаваннем сучаснага беларускага коміксу з Кацярынай Веразуб і Мікітам Сеннікавым, якія падзеляцца сваім досведам у стварэнні коміксаў і абмяркуюць іх ролю ў нацыянальнай культуры. Госці таксама змогуць пазнаёміцца з навуковай спадчынай Вацлава Ластоўскага падчас прэзентацыі яго этнаграфічных і моўных даследаванняў.

Вольныя Купалаўцы падзеляцца досведам стварэння спектакля паводле кнігі Максіма Знака «Зэкамерон».

Фінальнай падзеяй дня стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ART PRADMOVA і канцэрт «Imagined Lover» ад Five Storey Ensemble, дзе сучаснай паэзія прагучыць у інтэрпрэтацыі беларускіх кампазітараў.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя