BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

У сераду, 20 лістапада, у Н’ю-Ёрку – прэзентацыя кнігі «Васіль Быкаў 100» да 100-гадовага юбілея пісьменніка. Прэзентацыю правядзе Сяргей Навумчык, адзін з суаўтараў кнігі, журналіст, палітык.

У сераду ж у Познані адбудзецца сямейная творчая сустрэча з мастачкай і пісьменніцай Эльгай Паповай. Спадарыня Эльга — аўтарка чатырох кніг (апошняя выйшла сёлета — «Мора ў горадзе, ці «З’ехала на вакацыі. Цалую, Мора!»). Яна праілюстравала 11 кніг, у тым ліку казкі Маляваныча. На сустрэчы спадарыня Эльга прачытае свае казкі, раскажа цікавыя гісторыі, звязаныя з іх стварэннем, і прыадкрые таямніцы сваёй творчасці. А яшчэ пад яе кіраўніцтвам дзеткі змогуць памаляваць.

 У чацвер, 21 лістапада, у Кракаве ладзяць тэатральны варкшоп. Будзе сацыяльны тэатр і практыкаванні на імправізацыю. Падарожжы, сацыяльныя змены, аднадумцы, мастацтва — вось якая тэма сустрэчы. Нас чакаюць: знаёмства з канцэптам сацыяльнага тэатру — метадам, які дазваляе вырашаць сацыяльныя праблемы праз творчасць; цікавыя практыкаванні, дзе вы навучыцеся глядзець на сітуацыі пад рознымі вугламі і дзейнічаць крэатыўна; дыскусіі, а таксама гісторыя пра паездку ў Нарвегію на вучобу. Вядоўца — Вераніка Пранякіна, акторка, тэатральная трэнерка, заснавальніца «Українського плейбек-театру в Кракові». Запрашаюць усіх незалежна ад досведу.

У чацвер Яўген Барышнікаў у Гданьску святкуе Народзіны. Нетрывіяльныя тэксты, тэхнічная гітара, магічныя скрыпкі і іншае. Байкі пра беларускае мора, тур па дыяспарах ды адвечны шлях беларусаў па свеце. Карацей, усё як мае быць у народзіны.

З чацверга ў Мюнхене — тэатральна-музычны фэст JULA.  У пятніцу ладзіць паказ казак на стужках DIAFILM LIVE (6+).  Статычныя выявы з субтытрамі на стужцы ў паўзмроку пакоя — выдатны фон для чароўнага падарожжа па псіхадэлічных сусветах савецкага мастацтва. Той, хто ў дзяцінстве не бачыў дыяфільмаў, альбо занадта малы, альбо шмат страціў.

У суботу, 23 лістапада, лялечны тэатр «Картонка» грае спектакль «Беспрацоўнае дрэва». Гэта гісторыя дрэва, якое вымушана пакінуць парк, дзе яно ўсё жыццё працавала… дрэвам. Яго чакае дарога, поўная прыгод, часам прыгожых, часам небяспечных, а часам зусім нечаканых. Спектакль для ўсёй сям’і, куды запрашаюцца дзеці ад 5 гадоў і выхаваныя дарослыя. Тэкст, рэжысура, выкананне: Света Бень. Музыка: Леанід Башаркевіч.

У нядзелю – канцэрт Светы Бень і Галі Чыкіс. Улетку 2021 года Света папрасіла Галю дапамагчы ёй з маленькім канцэртам у Берліне. У выніку нарадзіўся дуэт, які абяцае магічныя электронныя аранжыроўкі, выдатны вакал і даследаванне новых межаў музыкі.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя