BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

У сераду, 27 лістапада, у Познані — музычны перформанс з удзелам Ягора Забелава і Фрыдэрыка Самотнага. Два музыкі, адзін гадзінны перформанс адначасова ў розных кутах. Будзе і анлайн-трансляцыя.

У сераду ў Тбілісі — сустрэча беларускага гістарычнага клуба, тэма – Слуцкі збройны чын. На сустрэчы зазірнуць у лёсы тых, чыё наканаванне было паўстанне насуперак усяму. Пагавораць, чаму менавіта на Случчыне паспрабавалі рэалізаваць самы апантаны сцэнар барацьбы за свабоду з усіх магчымых. Абмяркуюць Слуцкае паўстанне ў выніках і памяці нашага народа.  Вядоўца — спадар Раман, выкладчык гісторыі Беларусі.

У сераду камікесы Аля Родная і Віка Смаляк клічуць на жаночы стэндап у Варшаве. Абяцаюць шоў з фемжартамі, дзе распавядуць свой новы ці правераны матэрыял пра сучасныя праблемы.

 У чацвер, 28 лістапада, у Беластоку адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Алега Груздзіловіча для дзяцей з дарослымі «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы». Аўтар, былы палітвязень, журналіст «Радыё Свабода» пазнаёміць са сваім новым творам і дасць аўтограф тым, хто набудзе кнігу. Вершы і малюнкі пра арыштанта дзядзю Віцю, што ўвайшлі ў гэтую кнігу, спадар Алег напісаў і намаляваў на Валадарцы для ўнукаў, але адтуль частка лістоў не дайшла на волю. Пашанцавала перадаць «Прыгоды дзядзі Віці» з магілёўскага СІЗА. Пазней у калоніі ўсе рукапісы былі знішчаныя. Тэкст пра Валадарку аўтар падрыхтаваў у Вільні, дзе жыве з верасня 2022 года.

У чацвер у Варшаве — паэтычны вечар Віталя Рыжкова «Лепшае, старое і/ці ненадрукаванае».

З 28 лістапада па 1 снежня ў Варшаве адбудзецца кірмаш гістарычнай кнігі. Дзякуючы Цэнтру беларускай салідарнасці на кірмашы будзе беларускі стэнд — № 75.

29 лістапада нас чакае прэзентацыя серыі «Польская класіка для беларускага чытача». Кнігі прадставяць перакладчыкі Андрэй Хадановіч, Андрэй Скурко і Марына Казлоўская. Таксама прэзентуюць вершы да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» аўтарства Андрэя Хадановіча з удзелам творцы.

30 лістапада – прадстаўленне кніг Уладзіміра Арлова.

1 снежня – «Прыгоды дзеда Віці на Валадарцы» — вершы і малюнкі для дзяцей і дарослых, створаныя ў беларускай турме. Аўтар — Алег Груздзіловіч.

У чацвер у Познані адкрываецца выстава беларускіх мастакоў DZIADY.  Удзел бяруць Аляксей Лунёў, Арцём Бурак, Яўген Рагозін, Алег Ягер, Сяргей Шабохін, Вольга Архіпава, Вольга Стрыжнёва. Выстава прысвечана даследаванню сінкрытычнага падыходу ў творчасці і адметных з’яў беларускай культуры, з ім звязаных.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя