BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей за мяжой

Прапануем вашай увазе агляд цікавых беларускіх падзеі ў розных краінах свету.

У чацвер, 10 кастрычніка, ініцыятыва WroMigrant запрашае на бясплатную інфармацыйную сустрэчу «Пенсіі для грамадзян Беларусі» ва Уроцлаве. Правядзе яе Эльвіра Смулко, спецыялістка ўроцлаўскага аддзялення Фонду сацыяльнага страхавання (ZUS). Падчас сустрэчы абмяркуем, якія ўмовы неабходна выканаць, каб атрымаць пенсію ў Польшчы. Мова сустрэчы — польская з перакладам на беларускую і расейскую.

У чацвер жа, 10 кастрычніка, у Берліне адбудзецца імпрэза “Птушкі па-за палітыкай?”. Прапануюць абмеркаваць ролю грамадзянскай актыўнасці ў прасоўванні дэмакратыі і аховы навакольнага асяроддзя разам з экспертамі ў галіне аховы прыроды. А фотакалажы пазнаёмяць наведвальнікаў з пернатымі ў беларускім палітычным асяроддзі. Таксама будзе магчымасць сімвалічна адправіць птушачку з прывітаннем беларускім экаактывістам у зняволенні і тым самым падтрымаць іх.

У Берліне ў гэты ж дзень пакажуць дакументальны фільм Лены Ле «Чатыры колы далей ад цэнтра». Нас чакае стужка пра менскую мастачку Марыну Капілаву. У пачатку карціны гераіня з’яўляецца з мячом у руцэ. Але з кожным крокам яна паказвае і сваю ўразлівасць, якая хаваецца за яе неверагоднай сілай. Мастачка разважае пра жыццё, каханне, абарону слабых і сваю ролю ў грамадстве. Пасля фільма заставайцеся абмеркаваць убачанае за закускамі і напоямі.

У чацвер, 10 кастрычніка, Bourbon Man прывозіць у Кракаў свой брудны блюз. Спявак – загадкавы і змрочны хлопец з Менска, грае трэш-блюз на трохструннай гітары і перкусіі. Кампанію складзе кракаўскі гурт «The Brainlets», які дадасць рокабілі.

Таксама 10 кастрычніка Папа Бо Селекта, арт-дырэктар бессмяротнага «Корпуса» Аляксандр Багданаў вяртаецца ў Берлін з порцыяй гарачага гіпнапанку! Кампанію складзе не менш дзікі і няўрымслівы Сяргей Навіцкі.

У чацвер і пятніцу, 10 і 11 кастрычніка, у Варшаве грае канцэрты этнаджазавы гурт «MOVA DREVA». Нарадзіўшыся далёка ад роднай зямлі, праект чэрпае натхненне з глыбінь беларускай песеннай спадчыны і напаўняе яе новымі рытмамі і гармоніямі. У складзе квартэта: Кацярына Льдокава — фартэпіяна і голас, Філіп Петчанка — кантрабас, Ігнат Мацюхоў — барабаны, Аляксандр Вольскі — саксафон.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя