BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзеяў гэтага тыдня

У панядзелак у Вільні граюць спектакль «Цесля. Гісторыя сям’і, гісторыя краіны».

Гэта пастаноўка пра чалавека, які збіраецца пераязджаць. Але змена месца жыхарства — гэта не толькі фізічны рух у прасторы. Маленькае роднае мястэчка не так проста памяняць на вялікі горад у чужой незнаёмай краіне.

У аўторак беларусаў Каўнаса запрашаюць на ўскладанне кветак і запальванне знічак на надмагіллі Клаўдзія Дуж-Душэўскага.

У аўторак фонд «Okno na Wsсhód» разам з MOST запрашае беларусаў Беластока на сімвалічны забег, прысвечаны Дню Волі. Удзел у падзеі бясплатны, ёсць ліміт — 50 чалавек. Усе фінішоры атрымаюць памятны медаль.

У аўторак у Брне адбудзецца паказ фільма Юліі Шатун «Заўтра». Гэтым сеансам распачынаецца праект кінапаказаў беларускіх сучасных фільмаў. Для першай падзеі абралі карціну, якая ўваходзіць у топ 9 найлепшых беларускіх фільмаў па версіі Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

У аўторак у Лодзі адбудзецца паказ дакументальнага фільма Таццяны Свірэпы «Беларусь 23.34». Гэта гісторыя 25 беларусаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі са жніўня па снежань 2020-га: хлопец, які ехаў на ровары каля абеліска «Мінск-Горад-Герой» і трапіў у пекла на Акрэсціна; сантэхнік, які выйшаў на станцыю «Фрунзенская», таму што цягнік метро далей не пайшоў, і праз некалькі хвілін ужо ляжаў на тратуары з адарваным абцасам; маці семярых дзяцей, якая, абараняючы сына, ішла да турэмнага грузавіка і бачыла, як яго абліваюць чырвонай фарбай; лекарка, якую атруцілі газам у турэмным грузавіку, а потым прымусілі прыгнуцца і бегаць па калідорах жодзінскай турмы…

У аўтрак беларусаў Уроцлава запрашаюць на марш у гонар Дня Волі. Гэта не толькі традыцыя, але і выказванне нашай салідарнасці і падтрымкі беларускага народа ў яго барацьбе за свабоду. Мы пройдзем галоўнымі вуліцамі горада з беларускімі сцягамі і плакатамі, каб нагадаць свету пра важнасць дэмакратыі і правоў чалавека.

У аўторак у Кракаве адбудуцца марш і мітынг да Дня Волі. Ад пляцу Вялікай арміі Напалеона шэсце пройдзе да вежы ратушы на Цэнтральнай плошчы.

У аўторак беларусы Батумі святкуюць Дзень Волі. Праграма такая: кароткая прамова, чытанне вершаў, музыка. Беларускія пачастункі — дранікі са смятанай, журавіны ў цукры, зефір, гарбата з зёлак. Продаж беларускай сімволікі ды кніг. Сумесны спеў песні «Ваяцкі Марш».

У аўторак у Варшаве граюць спектакль «Па што ідзеш, воўча?» паводле кнігі Святланы Курс (Евы Вежнавец). Рына — алкагалічка, ей каля 40. Яна вяртаецца з Дармштадта ў сваю родную вёску на Палессі, у Беларусі, на пахаванне сваёй 102-гадовай бабулі. За сваё доўгае жыццё бабуля перажыла дзве вайны, дзевяць змен улады і перанос межаў у роднай вёсцы. У плыні свядомасці, у якой унутраны маналог унучкі цяжка адрозніць ад маналогу бабулі, падымаецца доўга забытая і падаўленая тэма: каланізацыя Усходняй Еўропы.

У аўторак, 25 сакавіка, у Мюнхене адбудзецца літаратурна-гістарычная сустрэча «Ад Рагвалода да БНР». Тут пройдзе экскурс да чарговай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі;  кніжны кірмаш з навінкамі ад «Камунікату» і іншых незалежных выдавецтваў, аўтограф-сесія.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: fienta.com