У аўторак у Вільні пакажуць дакументальны фільм «Легенда пра Канстанціна Каліноўскага». Па сеансе будзе кароткая дыскусія пра паўстанне 1863 года. Фільм ідзе на польскай мове з літоўскімі субтытрамі. Уваход вольны.

У аўторак у Варшаве адкрываецца выстава Артура Вакарава «30 год дыктатуры ў 30 постарах». У 30 мастацкіх працах абыгрываюцца этапы беларускага шляху апошніх трох дзесяцігоддзяў: кайданкі ў выглядзе лічбы 30, герб з іржавымі падцёкамі, школьны фартух на турэмнай робе, рукі з трыццаццю сінімі пальцамі. Артур Вакараў — дызайнер, заснавальнік мінскай студыі дызайну «Адліга». Адкрыццё выставы прымеркаванае да пачатку датэрміновага галасавання ў Беларусі.
У чацвер у Варшаве – прэзентацыя кнігі Аляксандра Чарнухі «Гвалт». Гэта зборнік апавяданняў, аб’яднаных у адну эпічную гісторыю. У дзесяці апавяданнях цесна пераплеценыя фікшн і нон-фікшн, і фантазія яшчэ больш падкрэслівае сюррэальнасць і трагізм рэчаіснасці. Без правілаў і законаў людзі будуць знішчаць адзін аднаго дзеля ўласнай выгады, і ў выніку чалавецтва загіне, як пісаў Гобс? Ці мы можам жыць шчасліва і мірна, як сцвярджаў Русо?
У пятніцу ў Познані адбудзецца паказ казкі-прытчы «Ордэн Белай Мышы». Тут чакае тэатральны эксперымент і даследаванне гісторыі беларусаў праз спалучэнне тэксту класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Арлова і актуальных тэкстаў сучаснай драматургіі. Сюжэт спектакля — прадказанне. Ён балансуе паміж фантастыкай і рэчаіснасцю, вядзе гледача ў незабыўнае падарожжа ў свет пазнання беларускіх рэалій з іх эмоцыямі і перажываннямі. Гэта размова пра час і пра сябе. У цэнтры пастаноўкі — вечны канфлікт мастака і ўлады, пытанне выбару і сумленнасці перад самім сабой. Спектакль задае пытанне кожнаму: як быць у складанай сітуацыі, дзе мяжа паміж кампрамісам і непрымірымасцю? Герой праходзіць выпрабаванні, якія могуць прывесці да пошуку свабоды або прыняцця правілаў.
У пятніцу ў Беластоку грае канцэрт YAŪGEN. Гэта сольны праект Яўгена Курыльчыка, музыкі, колішняга ўдзельніка вядомых беларускіх гуртоў. Вечар акуне ў свет містычнай і магутнай беларускай музыкі.
Спадар Яўген прадставіць сольны праект у стылі neofolk, у якім зліваюцца сучасныя тэхналогіі з традыцыйнымі інструментамі з усяго свету. У праграме — кампазіцыі з альбома «U haju», які выйшаў летась, а таксама творы, якія перадаюць прыгажосць і моц беларускай песні.
Беларускае Радыё Рацыя






