BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар культурніцкіх падзеяў тыдня


У панядзелак у Варшаве адбудзецца прэзентацыя складанкі навагодніх песень для дзяцей «Гэй ты, братка Новы Годзе».

Анлайн далучыцца ўкладальніца спеўніка Таццяна Грыневіч-Матафонава, а таксама бард Сяржук Сокалаў-Воюш, які напісаў словы для трох песень са складанкі.  Спадарыня Таццяна на працягу некалькіх гадоў збірала матэрыялы для гэтай складанкі, выконвала кожную песню сама. Пра гэта, а таксама пра сваё цяперашняе жыццё ў Стамбуле яна раскажа падчас імпрэзы. Пра свой удзел у праекце распавядзе таксама спадар Сяржук.

У панядзелак у Познані дзявочы гурт «Гаманіна» кліча на супольныя спеўкі. Прыходзьце выканаць разам традыцыйных спеваў ды ўспомніць бабуліны песні.

У панядзелак у Беластоку — трэці занятак «Мова Нанова». Госць — Андрэй Мялешка, намеснік старшыні Беларускага таварыства філатэлістаў. Напрыканцы заняткаў можна будзе паўдзельнічаць у падрыхтаванай госцем разыгранцы.

У панядзелак у Тбілісі — новая сустрэча беларускага гістарычнага клуба. Гэтым разам тэма — зімовыя святы: ад Калядаў да Раства. Беларусы прайшлі доўгі шлях трансфармацыі сваіх і запазычаных традыцый і святаў, каб займець нешта ўнікальнае, але адначасова блізкае ўсім. Абмяркуюць: чым падобныя Каляды і Хэлоўін? Як нашыя продкі хадзілі калядаваць? Як Каляды трансфараваліся ў Раство? Якія старажытныя калядныя традыцыі захоўваюцца ў кожнай беларускай сям’і з самых старажытных часоў? У чым гістарычная розніца калядак і шчадровак, і навошта іх адрозніваць? Вядоўца — спадар Раман, выкладчык гісторыі Беларусі.

У аўторак у Фларэнцыі адкрываецца выстава «Мастацтва ў выгнанні». На ёй мы ўбачым творы беларускіх мастакоў, вымушаных пакінуць Радзіму з-за рэпрэсій і палітычнага пераследу. Пасля паспяховага адкрыцця ў Балонні Фларэнцыя — наступны пункт прыпынку гэтай значнай мастацкай падзеі. Выстава — частка міжкантынентальнай эстафеты салідарнасці з палітвязнямі і рэпрэсаванымі «Voices Across Borders».

У аўторак у Тбілісі — святочны спеўны кватэрнік з традыцыйнымі беларускімі спевамі. Клічуць разам паспяваць і калядкі, і лірычныя песні. Калі досведу спеваў няма, тым больш прыходзьце. Адказныя за спевы будуць Zoi і беларускі традыцыйны хор.

У сераду ў Варшаве завяршаецца эстафета салідарнасці «Галасы праз межы». У праграме: падвядзенне вынікаў эстафеты; магчымасць падпісаць паштоўкі для палітвязняў; выступ хору вольных беларусаў «Гук цішы» і самых народных Чын-чын-чыноўнікаў;  і шмат іншага. 

Беларускае Радыё Рацыя