Пра новы беларускі каляндар на 2026 год, а таксама пра святочныя прыхільнасці беларусаў і якія тут ідэалагічныя ды палітычныя кантэксты – гэтую тэму сёння абмяркоўваем з прадстаўніком па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўлам Баркоўскім.

РР: Як Вы ставіцеся да традыцыі адзначаць Стары новы год?
Павел Баркоўскі: Мы на днях прэзентавалі новы Беларускі каляндар на 2026 год, і ў тым ліку згадваем, што гэтыя дні святкуюцца ў народнай традыцыі, тут і Шчадрэц, і тое, што называюць Старым новым годам. Натуральна, што гэта традыцыйныя святы, якія паходзяць яшчэ са старой рэлігійнай традыцыі, і калі людзі гэта адзначаюць, лічаць для сябе гэта важным, я думаю, варта іх усіх павіншаваць – тых, хто лічыць сябе датычным да, прынамсі, гэтай традыцыі праваслаўнай святкавання гэтага свята. А ўсім астатнім таксама пажадаць прыемных калядных адпачынакаў.
РР: Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні АПК падрыхтавала новы каляндар. Навошта ён? Бо нават чытаў у адным матэрыяле, што каляндар разглядаецца як вынік працы Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні за мінулы год у справе адраджэння традыцый. Ці гэты каляндар можна назваць асаблівым, адметным?
Павел Баркоўскі: Насамрэч, мы спрабуем ствараць сімвалічна альтэрнатыву таму, што зараз робіцца ў Беларусі. І відавочна, што калі людзі, якія жывуць па афіцыйным календары, дзе адзначаюцца такія даты, як 7 лістапада ці 17 верасня, заўсёды ўзнікае пытанне, чаму мы мусім карыстацца такім прадуктам з вельмі дзіўнай ідэалагічнай глебай. Таму наша задача была паспрабаваць у тым ліку, уцягваючы ў гэты працэс грамадскага абмеркавання іншыя арганізацыі і асоб, зрабіць такую сімвалічную альтэрнатыву. Гэта ўжо не першы год, калі мы робім такі каляндар, мы яго ўвесь час удасканальваем, рэагуем на крытыку, заўвагі. І ў гэтым годзе, напрыклад, адметнасцю, што мы перарабілі ў параўнанні з папярэднім, гэта мы істотна пашырылі частку з рэлігійнымі святамі, дадалі туды святы, якія адзначаюць прадстаўнікі іншых традыцыйных для Беларусі канфесій. У Беларусі традыцыйна жывуць татары, мусульмане, яўрэі, вялікая колькасць людзей вызнае пратэстантызм у розных яго варыяцыях. Таму нам было важна паказаць беларусам, што мы шматэтнічная, шматканфесійная краіна. У нас не зводзіцца ўсё да звыклага супрацьстаяння праваслаўных і католікаў. Трэба пра гэта помніць і думаць таксама, і мы ў гэтым годзе ўвялі гэта ў грамадскае абмеркаванне.
Потым у нас ёсць тэмы чуллівыя, звязаныя з памятнымі датамі, напрыклад, з пачаткам ці завяршэннем войнаў, святкаваннем Дня незалежнасці, ці з датамі новага нашага календара з падзеямі пасля 2020-га года. Усе гэтыя рэчы мы спрабуем выносіць на грамадскае абмеркаванне. Зразумела, што штосьці з гэтага можа зрабіцца народнай традыцыяй на будучыню і стаць народным святам, а штосьці можа так і заставацца хутчэй спробамі паўплываць на гэты сімвалічны каляндар для Беларусаў.


Каляндар аб’ядноўвае важныя падзеі, памятныя дні і культурныя традыцыі Беларусі, а яго прэзентацыя плануецца ў канцы студзеня ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






