BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кампазітар, які любіў спеўную Беларусь

25 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага кампазітара, музыказнаўца, дырыжора, фалькларыста і публіцыста Паўла Карузы (1906-1988).

Павел Каруза
Павел Каруза

Продкі Паўла Карузы паходзілі з Італіі. Яго бацькі гаспадарылі на Глыбоччыне. У 1920-я гады Павел Каруза скончыў Віленскую кансерваторыю, дзе вучыўся па класу фартэпіяна ў Марцаліны Кімант-Яцыны, вядомай тым, што яна першай напісала музыку да «Залётаў» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Падчас вучобы юнак таксама займаўся тэорыяй кампазіцыі.

Пад кіраўніцтвам Антона Грыневіча, якога лічыў сваім настаўнікам, Павел Каруза далучыўся да збірання беларускіх народных песень, пазнаёміўся з віленскімі кампазітарамі Канстанцінам Галкоўскім і Станіславам Казурам. Кіраваў хорам у Віленскім Інстытуце гаспадаркі і культуры, прымаў удзел у беларускім нацыянальным руху, рэдагаваў газету «Крыніца».

У 1928 годзе Павел Каруза быў выбраны ў сейм Рэчы Паспалітай ад жыхароў Свянцянскага павета. Пасля таго, як у 1930 годзе сейм па рашэнню Юзэфа Пілсудскага быў распушчаны, беларус хаваўся ў глухіх месцах, затым перайшоў польска-савецкую граніцу, спадзеючыся ажыццявіць у БССР свае планы, а таксама выдаць фальклорныя запісы. Але неўзабаве быў рэпрэсаваны і трапіў на Салаўкі, дзе ўжо знаходзіўся другі яго настаўнік Сымон Рак-Міхайлоўскі.

Павел Каруза з аркестрам, 1930-я гады.
Павел Каруза з аркестрам, 1930-я гады.

Рэабілітаваны пасля вайны, Павел Каруза працаваў дырыжорам Маладзечанскага абласнога ансамбля песні і танца. Аднак праз два гады быў зноў затрыманы і сасланы ў Нарыльск, дзе зарабляў на хлеб дырыжорствам і кампазітарствам у мясцовым тэатры драмы і музыкі.

Канчаткова рэабілітаваны кампазітар быў у 1957 годзе. Вярнуўся ў Вільню, працаваў настройшчыкам музычных інструментаў, а пасля знайшоў работу ў Дзяржаўным ансамблі польскай песні і танца Літвы. Удзельнічаў у фалькларыстычных экспедыцыях супрацоўнікаў Акадэміяй навук БССР (яго запісы ўвайшлі ў шматтомнік «Беларуская народная творчасць»).

Як кампазітар Павел Каруза напісаў некалькі чатырохгалосых хораў, камерную сімфонію для струннага аркестра, сюіту для хору «Беларусь мая спеўная», 12 хораў на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Ніла Гілевіча. Зрабіў для чатырохгалоснага хору апрацоўкі купальскіх мелодый «Купалінка» і «Сею палею».

Павел Каруза з’яўляецца аўтарам тэарэтычных прац па фальклору «Вытокі беларускага меласу», «Абрадавыя песні Паазер’я», успамінаў пра Антона Грыневіча і іншых. Асабліва глыбока ён ведаў і адчуваў стыхію каляндарна-абрадавай паэзіі. На жаль, архіў кампазітара некалькі разоў знішчаўся, таму многія яго музычныя і навуковыя творы загінулі.

Памёр Павел Каруза ўжо ў разгар перабудовы ў СССР у Вільні 20 лютага 1988 года. Пахаваны на Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Пад Глыбокім, каля вёсачкі Воўкаўшчына, краязнаўцы расшукалі падмуркі ягонай колішняй хаты.

Памяць пра Паўла Карузу ўшаноўваецца на Глыбоччыне ў мясцовых школьных музеях. Яго прозвішча ўвайшло ў гісторыка-дакументальную хроніку Глыбоцкага раёна «Памяць» (Менск, 1995).

Злева направа Альбін Стаповіч, Уладзіслаў Казлоўскі і Павел Каруза. Вільня, 1920-я гады.
Злева направа Альбін Стаповіч, Уладзіслаў Казлоўскі і Павел Каруза. Вільня, 1920-я гады.

Беларускае Радыё Рацыя