У 2025 годзе ў Беластоку, дзякуючы Фонду «Камунікат», выйдуць у свет цікавыя выданні па-беларуску.

Пра планы на будучы год распавядае кіраўнік фонду «Камунікат» Яраслаў Іванюк:
-У падрыхтоўцы ў нас разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку кніга ўспамінаў Ларысы Геніюш, якая, вядома, ужо выдавалася. Мы будзем выдаваць яе на дзвюх мовах – гэтыя ўспаміны выйдуць і па-польску, і па-беларуску. Па-польску – у перакладзе пакойнага ўжо, выдатнага перакладчыка беларускай літаратуры на польскую мову Чэслава Сэнюха.
Яраслаў Іванюк упэўнены, што таксама беларусам будуць цікавыя перавыданні Быкава, якія таксама рыхтуе «Камунікат»:
-Сам “Камунікат” плануе таксама ў наступным годзе выдаць чарговую кнігу з аповесцямі Васіля Быкава. Мы ўжо аформілі справы, звязаныя з аўтарскім правам, і рыхтуем выданне аповесці “Ліквідацыя”. І пад адной вокладкай разам з гэтай аповесцю будзе таксама аповесць “Мёртвым не баліць”.
Спадар Іванюк паведамляе, што ў планак «Камуніката» таксама выдаць беларускіх сучасных празаікаў, аднак імёны і прозвішчы гэтых празаікаў выдавец пакуль трымае ў сакрэце.
Беларускае Радыё Рацыя