BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гурт “Касары” прэзентуе дэбютны альбом

Сяржук Доўгушаў – заснавальнік гурта мужчынскіх спеваў Kasary, які нядаўна прэзентаваў свой дэбютны альбом, а ўжо 30-га лістапада зладзіць канцэрт у Варшаве.

Ён жа – кіраўнік арт-рэзідэнцыі “Дом Творцаў”, у рамках якога цяпер праходзіць мастацкі пленэр.
Пра падзеі і важнасць захавання беларускай культуры Госць Рацыі – уласна Сяржук Доўгушаў – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

Сяржук Доўгушаў. Фота: Johnny Cosmic
Сяржук Доўгушаў. Фота: Johnny Cosmic

РР: 30 лістапада ў вас адметная дата, таму што нарэшце той калектыў, які захоўвае беларускія традыцыі “Касары” прэзентуе дэбютны альбом. Як гэта будзе?

Сяржук Доўгушаў: Гэта будзе вялікі святочны канцэрт, і я настройваю ўсіх касароў і ўсім кажу, што давайце ад пачатку, не будзем думаць, што гэта там нейкая падзея, не будзем хвалявацца, а ў першую чаргу настроімся на тое, што гэта свята, гэта наша свята. У нас супадае, па-першае, дзень народзінаў, у нас у лістападзе быў створаны гурт “Касары”, у 2023 годзе, нам спаўняецца два гады. А с другога боку, гэта падзея – выхад нашага першага дэбютнага альбому. Я лічу гэта важна, вельмі важна, што сапраўды кожны альбом, кожная новая праграма, кожная новая песня – гэта падзея.

РР: У вас, дарэчы, у рэлізе ёсць і інструментальныя кампазіцыі. Як гэта магчыма пры тым, што ў вас галоўным чынам суполка – хор мужчын-спевакоў?

Сяржук Доўгушаў: У нас была задача, акрамя таго, што мы спевакі, гурт, спяваем мужчынскія традыцыйныя песні, мы падумалі пра слухачоў таксама, што вось ёсць альбом і хочацца канцэптуальна падумаць пра што гэты альбом. То бок проста слухаць акапэльныя спевы 40 хвілін – гэта такая сабе гісторыя, але ў мужчынскай традыцыі заўсёды не толькі спявалі, але таксама і гралі. Таму мы запрасілі файнага скрыпача, таму што мужчыны заўсёды ў Беларусі гралі на скрыпках, гралі танцы. І акрамя таго пачалі пашыраць нашу рытм-секцыю, у нас з гэтым альбомам з’явіўся барабан. Дагэтуль мы проста спявалі, а зараз ёсць вось наш Лёша, які грае на барабане. Ён задае такі мужчынскі  драйв, а таксама ёсць бубен і, вядома, мае духавыя драўляныя інструменты, ад парных дудачак да розных акарын, жалеек і г.д.

РР: Распавядзіце, калі ласка, што цяпер з сябе ўяўляе гурт “Касары”, наколькі ўжо ў вас замацаваўся склад за гэтыя два гады?

Сяржук Доўгушаў: У нас, вядома, што мяняўся склад, у нас спачатку было больш чалавек, але зараз асноўны склад складаецца з васьмі. І гэта такі асноўны склад гурта. Нават мы вырашылі, я падзялюся, гэта такі момант дзесьці балючы, мы пакуль абмежаваныя толькі Польшчай. У трох удзельнікаў няма дакументаў, а зараз гэтыя працэсы атрымання польскіх дакументаў вельмі доўгія і складаныя. Я думаю, што ўсе ведаюць. І таму мы зараз вырашылі, што прыйдзецца пачакаць. Мы зараз нейкі час не будзем ездзіць у іншыя краіны, а будзем засяроджвацца на польскай аўдыторыі, беларускай, польскай, украінскай. То бок максімальна ездзіць толькі па тэрыторыі Польшчы, але спадзяюся, што ў 2026 годзе гэтая гісторыя вырашыцца.

Цалкам гутарка:

Гурт "Касары". Фота: Johnny Cosmic
Гурт “Касары”. Фота: Johnny Cosmic

Беларускае Радыё Рацыя