Ужо стала добрай сакавіцкай традыцыяй – праводзіць у Беластоку Вялікі кірмаш Казюкі. Гісторыя правядзення якога сягае глыбока ў часы Вялікага Княства Літоўскага.
Пра тое, што сёння і заўтра чакае жыхароў Беластоку і гасцей горада на Казюках распавядае Госць Рацыі – Катажына Эйсмант.

РР: Найперш хачу спытаць пра вашую фундацыю, дзе вы працуеце: што гэта за таварыства сяброў Гародні і Вільні?
— Таварыства сяброў Гародні і Вільні, аддзел у Беластоку, існуе ўжо больш за 30 гадоў. Я адна з наймаладзейшых заступніц гэтага таварыства, таму што мой бацька паходзіць з Гародні. Мы імкнёмся адраджаць памяць пра Крэсы, ужо 26 гадоў арганізуем Дні культуры Крэсаў. Наша галоўная задача — як людзей, звязаных з Крэсамі, — папулярызаваць і перадаваць гэтую любоў да Крэсаў, каб нашы маладыя слухачы, нашы дзеці ведалі, што некалі нашы дзяды і бабулі нарадзіліся на гэтай зямлі, якая цяпер у іншай дзяржаве. Але тады гэта была Польшча, і шмат людзей там засталося, асабліва гэта датычыцца Беларусі і Літвы. Гэта тыя людзі, пра якіх мы не маем права забываць. Таму мы арганізуем такія акцыі, як Дні культуры Крэсаў. Аддзел у Беластоку выдае газету «Гонец Крэсавы». Мы стараемся не забываць гэтых людзей, бо гэта не толькі захаванне нашай гісторыі, але і спосаб паказаць, што робіць наша палонія там, на тых землях.
РР: Гэта перадусім павага да сваіх каранёў і свайго паходжання?
— Так, так, перадусім. Учора падчас Дзён культуры Крэсаў у нас адбылася цудоўная сустрэча, і адзін з гасцей сказаў вельмі прыгожыя словы: Крэсамі трэба жыць, іх трэба адчуваць. Гэта адчуваецца ў напісаных тэкстах, у словах. Калі хтосьці адчувае Крэсы, ён заўсёды застанецца крэсаўцам, заўсёды будзе памятаць і шанаваць людзей з Крэсаў, памятаць нашу гісторыю і тое, што многія не мелі выбару — застацца там ці жыць у Польшчы.
РР: Вы згадалі пра 26 гадоў Дні культуры Крэсаў, і акурат у рамках гэтым дзён у Беластоку праходзіць знакаміты і ўсімі чаканы Казюковы кірмаш. Раскажыце, калі ён пачаў тут праводзіцца, хто ў ім бярэ ўдзел і для чаго яго ладзяць?
— Так, Вялікі кірмаш Казюковы пачнецца ў суботу, 15 сакавіка, і будзе доўжыцца да 16 сакавіка з 8:00 да 17:00. Да нас прыедзе больш за 140 выставоўцаў з усёй Польшчы, а таксама госці з Літвы і адна спадарыня з Беларусі, якой удалося пераехаць мяжу. Будзе шмат ручных вырабаў: мы падтрымліваем на Казюковым кірмашы дробных рамеснікаў, людзей, якія ствараюць унікальныя ўпрыгажэнні, вырабляюць анёлаў, малююць выявы, абразы. Гэта цудоўная магчымасць паказаць іх працы і даць гасцям кірмашу магчымасць іх набыць. Таму шчыра запрашаем усіх!
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя