Клуб гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 мае цяпер афіцыйную рэгістрацыю. А распачаў дзейнасць клуб больш за год таму з майстар-класа па вырабе рагатывак – адмысловых шапак з чатырохвугольным верхам. Для некаторых удзельнікаў гэта было сапраўднае выпрабаванне: ім давялося ўпершыню браць у рукі голку з ніткай. Што менавіта пашылі ўдзельнікі клуба, каб выглядаць як сапраўдныя паўстанцы? Дзе шукалі неабходны рыштунак і як аднаўлялі вобразы мінулага?

На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае сябра клуба Аляксей Трубкін у гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Чаму вы вырашылі прайсці працэдуру рэгістрацыі?
Аляксей Трубкін: Калі гэта можна зрабіць хутка і без праблемаў, то трэба рабіць. Чаму не? Мы і так ужо больш за год дзейнічаем. Даўно думалі пра легалізацыю. І вось нарэшце зрабілі тое, што планавалі.
РР: Давай згадаем, як усё пачыналася. Чыя была ідэя?
Аляксей Трубкін: Цяжка сказаць, чыя канкрэтна была ідэя. Пачыналася, калі не памыляюся, з першага майстар-класа, які быў арганізаваны да ўгодкаў Паўстання па пашыве рагатывак. Здаецца там і пачалі пра гэта размаўляць. Сабраліся людзі зацікаўленыя, ну і пайшло…

РР: За гэты год што змаглі зрабіць?
Аляксей Трубкін: Займаемся тым, што ўдзельнічаем у рэканструкцыях і іншых мерапрыемствах па папулярызацыі нашай супольнай гісторыі. Мы стараемся розным чынам прасоўваць беларускі наратыў, бо ёсць такі стэрэатып, што Паўстанне 1863 года было выключна польскім. Насамрэч, гэта не так. Удзельнічалі ўсе народы Рэчы Паспалітай: літоўцы, украінцы, беларусы. Гэта было супольным паўстаннем народаў, якія жылі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і змагаліся за свабоду, калі, напэўна, упершыню з’явілася ў кожнага з гэтых народаў жаданне, думка пра самастойнасць, у тым ліку і ў беларусаў. Напэўна, можна адлічваць палітычную свядомасць, яна, як я лічу, была задэклараваная менавіта падчас Паўстання 1863 года. Канешне, яна была ў пачатковым стане, і на той час не ўсе беларусы самаўсведамляліся як беларусы, называлі сябе шмат хто літвінамі, або тутэйшымі. Але гэта быў той пачатак, калі Беларусь, напэўна, пачала станавіцца Беларуссю і змагацца за сваю свабоду.

Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






