
Удзельнікі беларускага клуба гістарычнай рэканструкцыі з Беластоку “Invictus 1863” надведалі Мастаўляны. Тут 2 лютага 1838 года нарадзіўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года – Кастусь Каліноўскі. Менавіта гэта дата і стала нагодай, каб наведаць вёску, што ляжыць на самой мяжы з Беларуссю.

Чальцы клуба запалілі знічы каля помніка, а таксама наведалі месца, на якім стаяла хата сям’і Каліноўскіх.

Гаворыць адзін з заснавальнікаў клуба рэканструкцыі “Invictus 1863” Васіль Калач:
– Ідэя заўсёды на паверхні, мы прыехалі ўшанаваць памяць нашага народнага героя Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага, больш вядомага, як Кастусь Каліноўскі. Чалавека, які фактычна зрабіў магчымым паўстанне на нашых землях, прычым паўстанне ўзброенае. Чалавек, які з’яўляецца бацькам нацыі ў палітычным плане. Гэта першы дзеяч, які прамовіў, што беларуская нацыя існуе не проста ў кулуарах, а на ўвесь свет.

Сярод узброеных паўстанцаў асабліва каларытна выглядала панна ў чорным жалобным убранні. Што было адной з адметнасцяў паўстання 1863 года. Гаворыць гераіня вобраза – Кацярына Ваданосава:
– Сапраўды вельмі цікава назіраць за тым, што нават мясцовыя людзі больш здзіўляецца мне, чым хлопцам. Хаця ў хлопцаў ёсць штандар і шаблі. Мне заўсёды хацелася паказаць, што любыя гістарычныя падзеі, такія лёсавызначальнымі, яны рабіліся не толькі мужчынамі, жанчыны таксама прымалі ў іх удзел.
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:

Клуб гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863” існуе ў Беластоку ўжо каля года. Ідэя пра яго стварэнне ўзнікла ў асяродку беларускай дыяспары падчас адзначэння 160-х угодкаў паўстання 1863– 64 гадоў.



























Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






