
Фота з Фэйсбука Наталлі Гардзіенкі
“Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце”. Пабачыў свет унікальны альбом-даведнік, які мае 600 старонак і распавядае пра пахаванні нашых суайчыннікаў у розных краінах свету, утрымлівае здымкі і біяграмы.

Фота: budzma.org
Аўтары гэтага выдання, якое з’явілася ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” — даследчыкі спадчыны беларускай дыяспары Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Наша журналістка Яна Запольская паразмаўляла з суаўтаркай гэтай кнігі Наталля Гардзіенка пра тое, як ствараўся гэты даведнік і пра далейшыя планы ў гэтым напрамку.
РР: Спадарыня Наталля, шчыра віншую з выхадам альбома-даведніка “Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце”. Калі ласка, распавядзіце, як доўга вы з суаўтарам працавалі над гэтай кнігай, як паўстала такая ідэя – сабраць шматлікія беларускія пахаванні ў свеце пад адной вокладкай?
– Дзякуй вялікі за віншаваньні ад мяне і калегі і суаўтара Лявона Юрэвіча. Пачатак гэтай працы быў закладзены ў ЗША менавіта Лявонам Юрэвічам, які ў межах дзейнасці Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку ад сярэдзіны 1990-х стаў складаць адмысловы альбом фотаздымкаў беларускіх пахаваньняў з розных асяродкаў на Захадзе. Частку здымкаў ён рабіў сам, частку — атрымоўваў ад іншых беларусаў. Сабраныя здымкі былі зробленыя ў розныя часы ад 1950-х да канца 1990-х гг. На пачатку 2000-х Лявон перадаў альбом у Менск і сабраныя здымкі сталі асновай для першай публікацыі — «Нашы могілкі» на старонках альманаха «Запісы БІНіМ» у 2004 годзе. Тады працу па зьбіраньні матэрыялаў пра беларускія могілкі й дапаўненьні калекцыі Лявона Юрэвіча працягнула ўжо й я. Падчас наведваньня беларусаў у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Канадзе й іншых краінах абавязкова была на могілках. Так зьбіраўся новы матэрыял. Паколькі не было магчымасьці даехаць паўсюль, прасілі іншых асобаў рабіць здымкі канкрэтных помнікаў і могільнікаў. Дзякуючы супольнай працы ўдалося сабраць матэрыялы пра больш як 500 пахаваньняў у 13 краінах, а таксама апісаць найбуйнейшыя менавіта беларускія могільнікі (або сэкцыі на агульных могілках) у Іст-Брансьвіку, Кліўлэндзе, Саўт-Рывэры, Мэльбурне. У 2016 г. да 38-га выпуску «Запісаў БІНіМ» быў зроблены адмысловы мультымедыйны дадатак з базай зьвестак па ведамых на той час пахаваньнях. Аднак ужо тады зьявілася разуменьне, што варта падаваць інфармацыю ня толькі пра самі надмагільлі, але й пра тых, хто пад імі пахаваны. Так пачалася праца над укладаньнем гэтага альбома-даведніка, якая заняла больш за тры гады, потым яшчэ амаль столькі ж занялі дапаўненьні і ўдакладненьні. Пад кожнае надмагільле вышуквалася інфармацыя пра асобаў, пахаваных пад ім, складаліся біяграмы, па магчымасці дадаваліся фотаздымкі. І цяпер можна бачыць вынік.
РР: Чаму вы сваю працу прысвяцілі памяці доктара Вітаўта Кіпеля?
– Ад самага пачатку працы над альбомам-даведнікам ідэю яго выданьня падтрымаў тагачасны старшыня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва доктар Вітаўт Кіпель. Ён ня толькі дапамагаў з інфармацыяй для біяграмаў, але й займаўся пошукам сродкаў на выданьне. Спадар Вітаўт вельмі хацеў, каб кніга выйшла, але не дачакаўся. Ён адышоў на вечны спачын у сьнежні 2022 году. Менавіта таму мы й прысьвяцілі “Кнігу могілак” ягонай памяці.
РР: Некалькі слоў пра тое, якім чынам удалося сабраць такую багатую інфармацыю, здымкі і біяграмы, якімі крыніцамі вы карысталіся?
– Пра зьбіраньне здымкаў я ўжо сказала. Акрамя таго, што фатаграфавалі мы самі ў розных краінах, прасілі ўсіх магчымых знаёмых і незнаёмых беларусаў, якія былі недзе паблізу тых пахаваньняў, пра якія мы ведалі, паехаць на могілкі й зрабіць фотаздымкі. Так удалося атрымаць здымкі з аўстралійскіх гарадоў, асабліва з далёкага Пэрту, куды рэдка нехта даяжджае, з Лос-Анджэлесу, з канадыйскага Кінгстану й іншых месцаў.
Зьвесткі для біяграмаў зьбіраліся рознымі шляхамі. Некаторыя назапасіліся цягам нашай шматгадовай працы па дасьледаваньні гісторыі беларускай эміграцыі, іншыя даводзілася шукаць па розных архівах і генэалягічных сайтах.
РР: У паслямове Вы пішаце пра могілкі як частку матэрыяльнай культуры беларускай эміграцыі. Пра што нам, нашчадкам, распавядаюць пахаванні той, ранейшай, беларускай эміграцыі? Ці можна сказаць, што гэта своеасаблівы экскурс у гісторыю?
– І матэрыяльнай, і, што больш важна, мэмарыяльнай культуры беларускай эміграцыі. Мэмарыяльная культура зьвязаная зь дзейнасьцю, скіраванай на захаваньне вобразу сучаснасьці для будучыні. Наўмыснае імкненьне “ўвекавечыць” сябе, сваіх сучаснікаў, перадаць нашчадкам свае каштоўнасці, ідэалы. Нэкропалі зьяўляюцца неад’емнай часткай мэмарыяльнай культуры. З аднаго боку, надмагільлі адлюстроўваюць імкненне пакінуць па сабе памяць для нашчадкаў на ўзроўні канкрэтнай асобы або сям’і. Зь іншага боку — асабліва ў выпадку вялікіх могілкавых комплексаў — пахаваньні ўвасабляюць калектыўную памяць, дзе вылучаюцца адмысловыя героі й сымбалі, захоўваюцца традыцыі, рытуалы, адлюстроўваецца светапогляд беларускай супольнасці на эміграцыі. Пра сябе, свае ідэалы й каштоўнасьці якраз і распавядаюць нам папярэднікі праз свае надмагільлі.
РР: Надмагіллі на пахаваннях часта змяшчаюць не толькі даты смерці і нараджэння, але нейкія словы, эпітафіі, месцамі па-беларуску кірыліцай, часам ёсць Пагоня або іншыя сімвалы і так далей. Ці можна сказаць, што гэтыя надмагіллі ствараюць пэўную культуру пахаванняў (не ведаю, ці можна такі выраз ужыць, тым не менш)?
– Так, гэта адмысловая пахавальная культура, частка тае мэмарыяльнай культуры, пра якую я згадвала. Можна сказаць, што эміграцыйная пахавальная, і шырэй —мэмарыяльная культура адлюстроўвае несаветызаваны варыянт нацыянальнага сьветапогляду, для якога не ўласьцівыя сумневы ў паўнавартаснасьці беларускай культуры й дзяржаўнасьці. У надмагільных помніках нашчадкам засталіся сьведчаньн пра традыцыйныя хрысьціянскія, сямейныя каштоўнасьці, а таксама пра ідэалы незалежнай Беларусі й самакаштоўнай беларускай культуры, якімі жылі папярэднікі-эмігранты. Шмат у чым менавіта гэткі вобраз сьведамай беларускай эміграцыі і быў успрыняты мэтраполіяй у часе актыўнага наладжваньня кантактаў на пачатку 1990-х гг.
РР: Як Вы думаеце, ці ёсць агульныя рысы ў хвалях беларускай эміграцыі 20 і 21 стагоддзяў? Ці не маеце адчування, што цяперашнія беларускія эмігранты мала ведаюць (а можа і зусім не ведаюць) пра тых суайчыннікаў, якія пакідалі Бацькаўшчыну яшчэ стагоддзем раней, адпаведна не вучацца на іх досведзе, іх памылках, не пераймаюць поспехаў?
– Пра агульнае й адрознае ў розных хвалях беларускай эміграцыі я апошнім часам ужо багата казала. І так, сучасныя эмігранты агулам няшмат ведаюць пра папярэднікаў. Аднак гэта ня значыць, што не імкнуцца й ня хочуць. Нашая задача якраз распавесьці пра досьвед папярэднікаў і “Кніга могілак”, адно з нашых выданьняў, якія гэтаму, спадзяюся, спрыяюць.
РР: Чым для Вас асабіста важны выхад гэтага альбома-даведніка, і ці плануеце працягваюць гэтую працу надалей, ахопліваючы тыя ж Польшчу, Літву, Латвію, іншыя краіны? Калі так, то ці патрабуеце нейкай дапамогі ў зборы такой інфармацыі?
– Цікавасьць да беларускіх пахаваньняў — неад’емная частка майго ўласнага жыцьця цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў. Сваякі й добрыя знаёмыя нават пасьмейваюцца з аповедаў пра мае новыя паездкі, калі я раптам не згадваю, што наведвала могілкі. Таму выхад гэтага альбома-даведніка, у які было ўкладзена багата працы, сапраўды вельмі для мяне важны. Хоць праца на ім не спыняецца. Ужо на апошніх этапах, калі выданьне было ў друку, сталі зьяўляцца здымкі ўсё новых знойдзеных пахаваньняў. У пэрспэктыве спадзяюся зрабіць адмысловы сайт, куды будзе перанесеная інфармацыя з даведніка, і дзе магчыма будзе рабіць дадаткі пра новазнойдзеныя пахаваньні. Безумоўна, было б добра, каб былі зробленыя падобныя даведнікі пра беларускія пахаваньні ў Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне, Расеі. Аднак мы наўрадці за гэта возьмемся самі. Але будзем радыя, калі нашая праца паспрыяе зьяўленьню гэткіх ініцыятываў у адпаведных краінах.
Непасрэдным жа працягам “Кнігі могілак” стане зноў нашая супольная зь Лявонам Юрэвічам “Кніга нэкралёгаў” — выданьне, дзе будуць прадстаўленыя нэкралёгі, якія публікаваліся на старонках найважнейшых беларускіх пэрыёдыкаў — газэтаў “Бацькаўшчына” й “Беларус”. У нэкралёгах таксама своеасаблівым чынам адлюстроўваецца карціна сьвету беларусаў, уяўленьні пра сваіх і чужых, пра герояў і нацыянальныя каштоўнасьці. Спадзяюся, што кніга пабачыць сьвет цягам гэтага году.
РР: З якімі словамі, пажаданнямі, перадаеце сваю вялікую працу ў рукі чытачоў?
– Праца над кнігай заканчвалася ў неспрыяльных умовах. Выданьне мелася пабачыць сьвет у Менску, аднак падзеі апошніх гадоў зрабілі гэта немагчымым. Але мы зрабілі тое, што маглі, і спадзяемся, што нашая “Кніга могілак” паспрыяе цікавасьці да гісторыі беларускай эміграцыі, а таксама засьведчыць, што беларусы здольныя жыць і стваральна працаваць у вельмі розных умовах. І заставацца пры гэтым беларусамі. Жыве Беларусь!
Жыве вечна! Дзякуй вялікі за размову.
Беларускае Радыё Рацыя.






