BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Крысціна Дробыш: Фэст „Тутака“ для тых, хто стаміўся і хоча адпачыць

Ужо сёння – у пятніцу, 12-га ліпеня, – пад Беластокам распачнецца фестываль «Тутака». Чым будзе адметная праграма сёлета? Што прыгадваецца з мінулай імпрэзы? Пра гэта і не толькі Госця Рацыі – вядоўца фэсту Крысціна Дробыш – распавяла нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.

РР: Што з мінулай „Тутакі“ ты цяпер прыгадваеш, як адзін з самых яркіх, цёплых успамінаў?

— З усёй „Тутакі“, нягледзячы на вялікую праграму, безліч усяго, гэта было пасля апошняга канцэрту, апошняга дня, калі мы сустракалі світанак. Гэта было самае прыгожае і цёплае, калі ўвесь шал ужо скончыўся, можна было спакойна сядзець, не ў якасці вядоўцы ці яшчэ каго, а проста сядзець і глядзець як устае сонца, а потым проста пайсці спаць. Але было класна, адназначна, класнае надвор’е, класная музыка. Было вельмі шмат незвычайных для мяне сітуацый, з якіх даводзілася выкручвацца, але ў гэтым ёсць свой кайф. Я думаю, што сёлета іх будзе яшчэ больш.

РР: Што для цябе з праграма гэтага году ёсць найбольш чаканым?

— Мне даслалі цалкам усю праграму, вельмі цяжка сказаць, бо яна настолькі насычаная сёлета, вельмі шмат усяго, у розных кірунках. Напэўна, канцэрт. Як бы страшна мне не было выходзіць на сцэну, — а гэта заўжды страшна, — то заўсёды вельмі кайфова, калі ты вось адна дзяўчынка Крысціна, стаіш, і безліч народу, якіх проста прэ ад гэтай энергіі. Летась на выступе “Дзецюкоў” трымалі калонкі і тэхніку, бо іх зносілі людзі — настолькі там ішло энергіі. Вось гэтага чакаю больш за ўсё. І там яшчэ будзе парачка цікавых момантаў — на правах чалавека, што будзе гэта праводзіць. Будзе прэзентаваная, мне здаецца, вельмі патрэбная рэч нам усім цяпер, і прэзентаваць яе буду я — гэта краўдфандынгавая платформа. Я ўжо ведаю, як гэта будзе працаваць, яно запрацуе неўзабаве. Я з радасцю раскажу, бо і для маіх ідэй, і шмат якіх людзей гэта можа быць класным выйсцем з таго, каб знайсці грошы на свае думкі або кудысь укласці з разуменнем таго, куды ты ўкладаешся. Падобна на „Вулей“ і „Талаку“, якіх нам бракавала, мне здаецца. Паглядзім. Раскажу ўсё на Тутацы, прыходзьце ў суботу а пятай гадзіне.

Фестываль «Летуцень» адбудзецца ў Кракаве 27-га ліпеня.

Беларускае Радыё Рацыя