Другі сезон праекту «Народная аўдыёкніга». Такія навіны ад audiobooks.by і Выдавецтва “Скарына”. Гэта праект, дзе абсалютна кожны ахвотны можа начытаць кавалак кнігі. Больш за 9 месяцаў працы і дзясяткі гадзін запісаў. Так працавалі над кнігай «Мальцы выходзяць з-пад кантролю».

Пра тэматыку ды тэхнічныя неардынарныя эксперыменты – расказвае прадстаўніца праекту Крысціна Дробыш, з якой гутарыць Улад Грынеўскі.
РР: Для мяне сама па сабе прыемная гэта размова, паколькі я фанат аўдыёкультуры. Для мяне гэта сапраўднае майстэрства – праз гукі перадаць пэўныя літаратурныя творы. Ці ёсць у вас новыя папаўненні?
Крысціна Дробыш: Гэта быў праект пад назвай «Народная аўдыёкніга». Калі мы дзесьці два гады таму сабраліся ў Мікіты Белаглазава, гэта кіраўнік аўдыёвыдавецтва audiobooks.by. І ў нейкай размове мы зразумелі, што да нас часта прыходзяць людзі, якія хацелі б агучыць кнігу, але яны не маюць досведу, яны не разумеюць, як падысці. І мы падумалі: давай нешта прыдумаем, каб даць людзям магчымасць паспрабаваць сябе ў гэтым сэнсе. А мы ім неяк дапаможам – скарэктуем як рэдактары, дапаможам з гукам. І так нарадзіўся праект «Народная аўдыёкніга».
Першай стала кніга Аліны Нагорнай «Мова 404», якая складаецца трошкі больш за сотню гісторый пра тое, як беларусаў і беларусак прыціскаюць за выкарыстанне беларускай мовы. Абвесцілі прыём заявак, куды абсалютна любы чалавек, абсалютна любога досведу, валодання мовы, ніякіх межаў не было, мог падаць заяўку. Па сутнасці трэба было толькі напісаць, я такі і такі, і начытаць некалькі кавалкаў тэксту, які мы прапаноўвалі. Проста начытаць і адправіць нам аўдыёзапіс. І мы ўжо з рэдактарам удваіх сядзелі і адбіралі людзей, а там было больш за 300 заявак. Мы думалі спачатку абыйдземся ну 20-ю чалавекамі, спрабуючы адэкватна ацэньваць свае магчымасці. А потым зразумелі, што гісторыі кароткія, што тут такога, давайце зробім сто, на кожную гісторыю возьмем асобнага чалавека. Абсалютна вар’яцкі ўчынак, шчыра кажучы, але яно было вартае таго.
Кніга выйшла. Больш за сто чалавек змаглі паўдзельнічаць у запісе, не маючы ніякага досведу дагэтуль. І водгукі, якія тады прыходзілі – гэта проста разарвала сэрца мне. Таму што ты разумееш, што для мяне гэта, магчыма, праца, цікавы праект, а для некаторых людзей гэта стала нейкім штуршком, важнай падзеяй. Дзесьці падтрымалася іхняя ўпэўненасць у сябе. І так падумалі: можа мы звар’яцеем і яшчэ раз гэта запусцім. Чаму і не? Давай! І Мікіта прыйшоў з прапановай, ён заўважыў свежую кнігу выдавецтва «Скарына», гэта «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», гэта анталогія беларускага гей-пісьменства. І мы зразумелі, ну тут, мы ўступаем на такую дарожку цікавую, мы былі гатовыя, што будзе і хейт, і будзе непаразуменне, і магчыма, што мы збярэм менш людзей і заявак, проста праз тое, што тэма, скажам так, уразлівая.
РР: І дыскусійная, можна сказаць.
Крысціна Дробыш: Так. Я вось не ведаю, як падабраць слова. Для нас гэта абсалютна нармальная тэма. Там Уладзь Гарбацкі і Ігар Іваноў магчыма дасталі тое, што было максімальна закрыта і забаронена ў беларускай літаратуры. Ніхто не кажа, што гэтага не было. Проста пра гэта ніхто не пісаў. А цяпер з’яўляецца вельмі шмат – проза, вершы, п’есы. Яны гэта ўсё мужна сабралі, апублікавалі. І Мікіта прапанаваў зрабіць ім аўдыёверсію. Для мяне гэта быў як акт-выказванне. Мне было цікава, якая рэакцыя будзе.
Цалкам размова:
І праслухаць яе можна ў інтэрнэце. Больш за 20 беларусаў і беларусак запісваліся для праекту ды сам укладальнік выдання «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» – Уладзіслаў Гарбацкі.
Беларускае Радыё Рацыя






