BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ксіша Анелава: Столькі болю мы не вытрымліваем, але менавіта гэта і прымушае задумацца

Звыш 1000 – столькі партэтаў беларускіх палітвязняў ужо намалявала мастачка Ксіша Анелава. Яна прэзентавала сваю калекцыю у межах праекту “Беларускі мартыралог”  ужо як мінімум у Вялікабрытаніі, Нямеччыне і Польшчы.

Паколькі ў Беларусі рэпрэсіі працягваюцца, то і колькасць твораў непамерна расце, – распавяла сама творца, наша сённяшняя Госця Рацыі:

РР: Давайце нагадаем, як даўно існуе гэты праект, для чаго ён быў створаны і ў якім фармаце зараз ён існуе?

– Нязменным застаецца толькі тое, адкуль ён пачаўся. Ён пачаўся са смерці Рамана Бандарэнкі і з нашых першых трыццаці палітвязняў. Мы ўсе ведаем, што і Ігар Лосік, і Бабарыка, і Ціханоўскі Сяргей былі затрыманыя да 9 жніўня. Але пачала я маляваць партрэты толькі пасля смерці Рамана Бандарэнкі, калі даведаліся 12 лістапада, што ён у непрытомным стане, збіты сілавікамі. І тады пачаўся ўжо такі крок, каб рабіць гэты адмысловы архіў гэтых партрэтаў, каб яны засталіся. Каб было потым у нас як бы такі дакумент, хоць і мастацкай мовай зроблены, што гэтыя людзі былі ў турме.

– І таму я працягваю. Дадаюцца новыя сэнсы, і, канешне, гэта залежыць ад краіны, у якую трапляе выстава. Гэта вельмі цікава — назіраць, як розныя народы, ментальнасці адгукаюцца на праект.

РР: А апошнія краіны ці апошнія выставы дзе былі?

– Якраз у Вялікабрытаніі. І яны вельмі цікава адрэагавалі, бо праект быў у Скарынаўцы, у Лонданскай бібліятэцы, а потым паехаў у Шатландыю і зараз знаходзіцца ў Эдынбургу. Яны не збіраюцца з ім развітвацца, казалі, што хочуць правесці па ўсіх гарадах, а потым яшчэ павезці ў Ірландыю.

– Гэта вельмі цікава, як яны адгукнуліся. Яны мала чаго ведалі пра Беларусь, бо цяпер уся ўвага да Украіны, і гэта зразумела. Але як яны пачулі роднасць нейкую ў тым, што яны, шатландцы, увесь час побач з англійскай імперскай культурай, адчулі падобныя гісторыі. Яны адрэагавалі, адзначыўшы падабенства: колькі стагоддзяў Беларусь была акупаваная Расеяй, як паводзілі сябе з культурай — то дазвалялі, то забаранялі, то вайна, то краіна цалкам вытаптаная.

– Калі яны даведаліся, што на беларускай мове Біблія ўпершыню была надрукавана ўжо ў 15-м стагоддзі, яны казалі: «А ў Шатландыі толькі ў 20-м!» І ўявіце сабе, якой глыбіні гэтая культура. І, канешне, яны сталі вельмі цікавіцца, прасілі падрабязнасцяў, больш выстаў. Я вельмі з задавальненнем гэта кажу, бо мне дае гэта натхненне працягваць. Гэта сапраўды крыніца інспірацыі, бо няма адкуль браць гэтых інспірацый, вы ж самі ведаеце. Малюеш такіх пакутнікаў, што…

РР: Партрэт як форма прыцягнення ўвагі да лёсу палітвязняў — наколькі гэта эфектыўна?

– Высвятляецца, што вельмі эфектыўна. Бо калі робіш плакат ці палітычную заяву, трэба быць вельмі дасведчаным палітыкам, каб прыцягнуць увагу. Але мне здаецца, карацей дарожка, калі ты проста шчыры мастак. Калі ты робіш нешта шчыра — гэта адгукаецца. Гэта не штучна, не выдумана, гэта тое, што цябе «паліць», і гэта адчувальна. Людзі адчуваюць гэта, гэта не схаваеш.

– І калі яны бачаць колькі гэтых партрэтаў і разумеюць, што за кожным — лёс, пачынаюць задаваць пытанні, цікавяцца, што з гэтымі людзьмі здарылася. Але часта кажуць: «Стоп, столькі болю мы не вытрымліваем, хопіць!» Я звычайна паспяваю расказаць пра трох-чатырох нашых палітвязняў, і людзям гэтага ўжо дастаткова. Кажуць: «Гэта столькі болю…».

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Праект “Беларускі мартыралог” натхнёны цудам чалавечнасці і нескаральнасці беларусаў – так ідэю характарызуе сама мастачка Ксіша Анелава. Яго таксама можна падтрымаць фінансава праз https://buymeacoffee.com/.

Беларускае Радыё Рацыя