BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кухня ВКЛ – як мастацтва дыпламатыі

Напачатку навіна з Вільні:

“31 сакавіка Грамадзянская ініцыятыва ды Беларуская прастора запрашаюць на Суседскі фэст пісанак. Арганізатары прапануюць такім чынам далучыцца да святкавання вясны ды Вялікадня. Мэта фэсту – стварыць творчае асяроддзе, дзе дарослыя ды дзеці, прадстаўнікі розных культур змогуць пазнаёміцца, падтрымаць адно аднага і проста добра правесці час”.

Не бывае толькі чорнага ці толькі белага. Не бывае толькі бяды. Тое, што праз палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і бамбёжкі ва Украіне ў Вільню прыбылі вымушаныя мігранты, стварыла новую мультыкультурную сітуацыю, і новыя магчымасці праз творчасць аднавіць колішнія гістарычныя сувязі.

Я кажу пра Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

Літоўцы, беларусы і ўкраінцы так доўга жылі ў розных імперыях, што цяпер справядліва хочуць падкрэсліваць свае культурныя асаблівасці.

Але перад чарговай у гісторыі пагрозай з Усходу спадчына ВКЛ нечаканым чынам можа дапамагчы для аб’яднання.

Справа ў тым, што аснова сучасных літоўскай, беларускай і ўкраінскай кухняў пачала фармавацца прыблізна ў адзін час – у першае стагоддзе існавання ВКЛ.

Для кагосьці прагучыць нечакана, але нашыя тры этнасы моцна звязаныя, напрыклад, …баршчом!

Калі назва “боршч” паходзіць ад расліны баршчавік, якая калісьці была толькі ядомая, то чырвоны боршч, альбо па-просту “буракі”, як казалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, – з’явіўся ва ўсіх землях ВКЛ прыблізна адначасова. Меркаваны час прыбыцця бурака – чатырнаццатае стагоддзе. А радзіма паважанай намі расліны – паўднёва-усходняя Азія.

Паколькі ВКЛ было адзінай і палітычнай, і культурнай прасторай, то аддаваць перавагу стварэння баршчу таму ці іншаму этнасу не выпадае.

Адрозненні баршча былі і ёсць, хіба, рэгіянальныя, залежныя ад таго, што расло ў той ці іншай частцы ВКЛ у дадатак да буракоў.

Калі браць пазнейшыя часы, калі ва Украіне пачалі культываваць пшаніцу, там з’явілася свая ўнікальная культура кухні, вядомая нам найперш праз варэнікі. Літоўцам дадавала ў кухню мора. У беларусаў былі свае адметнасці, звязаныя з дарамі пушчаў.

Кулінарыя – гэта мастацтва. Камбінацыя смакаў – як камбінацыя фарбаў, гукаў ці словаў.

А яшчэ кулінарыя – мастацтва дыпламатыі.

Хай з’явіцца ў будучыні Віленскі міжэтнічны кулінарны фэст.

Беларускае Радыё Рацыя