BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кулінарны майстар-клас на Беларускім калядным фэсце ў Беластоку

У рамках перашага Беларускага каляднага фестывалю ў Беластоку прайшоў кулінарны майстар-клас па прыгатаванні традыцыйных калядных страваў.

Удзельнікі майстар-класу сабраліся ў кулінарнай студыі Atuty, каб разам прыгатаваць блюды, а пасля пачаставаць імі адзін аднаго за сумесным абедам. Гаворыць Ілона Карпюк – прадстаўніца Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і іншыя ўдзельнікі кулінарнага майстар-класу.

– Гэта, з аднаго боку, даволі ўжо папулярная форма, бо можна прыемна праводзіць час. Вядома, што вельмі важна, каб розныя людзі, з розных асяроддзяў, інтэграваліся вакол розных ідэяў. І здаецца, што кулінарныя справы, супольныя сустрэчы вакол страў, супольныя традыцыі вакол кухні — гэта тое, што можа проста аб’ядноўваць людзей.

– Мы прайшлі майстар-клас, дзе гатавалі некалькі калядных страваў. Гэта бабка, тое, што я зараз гатую, збіцень — наш традыцыйны напой, а яшчэ салат з бурачкамі, рыбу і кулагу.

– Гатавалі такія смачныя стравы, душой аддалі, адпачылі. І яшчэ больш сумую па сваёй роднай Беларусі, яшчэ больш люблю яе — праз кухню.

– Вельмі ўсцешаная, што нарэшце ёсць беларускія фестывалі. Спадзяюся, што гэта будзе толькі пачатак, і ў наступныя гады мы пабачым яшчэ больш такіх фестываляў.

– У нас ёсць разнастайныя стравы. Некаторыя падаюцца відавочнымі і даволі штодзённымі — тая ж бульбяная бабка, усе яе каштавалі. А некаторыя вельмі спецыфічныя, пра якія не ўсе нават чулі. Напрыклад, пра кулагу многія і не здагадваюцца.

Акрамя бульбяной бабкі ўдзельнікі кулінарных майстар-класаў разам гатавалі яшчэ і такія традыцыйныя беларускія калядныя стравы як запечаная рыба, салатка з буракоў, куця, кулага і старажытны напой збіцень.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя