BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культура беларускай дыяспары

Ксенія Шнайдэр: “Люблю дадаць у свае вырабы крыху магіі”.

“Гісторыя беларускіх рэчаў” – новая рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: рамеснікамі, дызайнерамі, мастакамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.

Госцяй праекту стала Ксенія Шнайдэр – пастаянная ўдзельніца беларускіх Арт Маркетаў, сузаснавальніца брэнда натуральнай касметыкі і свечак “Soap Bubble”.

Пра “Soap Bubble”: “першае месца займаюць свечкі з пахам гарачага віна”.

Усю прадукцыю, якая вырабляецца нашым брэндам, можна вызначыць адной вялікай катэгорыяй: дамашняе спа і клопат пра сябе. Гэта і натуральнае мыла розных формаў і памераў, і духмяныя свечкі з соевага і пчалінага воску, і пеністыя бомбачкі для ваннаў, і гігіенічныя памадкі для вуснаў з усяго толькі 4-ох кампанентаў. Нават для тых, у каго няма менавіта ванны, але хто хоча атрымаць асалоду ад натуральнай касметыкі, было прыдумана рашэнне – жэле для душа і мус для цела.

У топе-3 нашых самых незвычайных і цікавых вырабаў, бясспрэчна, першае месца займаюць свечкі з пахам гарачага віна. Калі вы думаеце, што ў асноўным іх купляюць толькі на Каляды, то не. Гэта актуальны прадукт у любы час года.

А вось на другім месцы ў нас абсалютны прызёр летняга сезону – мыла з ментолам і люфай, натуральнай губкай з сямейства гарбузовых, якое дае астуджальны і ачышчальны эфект для ўсяго цела.

Трэцяе месца займае, мабыць, жэле для душа, якое ніколі не абыходзяць увагай на Арт-Маркетах. Гэта дастаткова незвычайны ў сваім выкананні прадукт.

Пра масмаркеты: “важна разумець розніцу”.

Насамрэч, вельмі важна разумець розніцу паміж пакупным у масмаркеце і хэнд-мэйд-вырабамі. У маім выпадку ідзе стаўка на натуральныя кампаненты. Гэта і натуральныя асновы без сілікону і сінтэтычных дадаткаў, якія часта выкарыстоўваюцца ў масавай вытворчасці; і спецыяльныя эфірныя кампазіцыі; і прыродны алей. Напрыклад, для вырабу магазінных свечак выкарыстоўваецца парафін, які не толькі шкодны для навакольнага асяроддзя, але і небяспечны для здароўя чалавека. Я вырабляю свечкі толькі з соевага ці пчалінага воску.

Яшчэ адно адрозненне – магчымасць індывідуальнага падыходу і стварэння ўнікальнага прадукта пад запыт пакупніка. Гэта тычыцца як індывідуальных вырабаў, так і кампаноўкі набораў.

Немалаважны фактар – пытанне якасці. Я кантралюю працэс вырабу ад моманту закупу матэрыялаў да моманту пакавання.

Да таго ж, хэнд-мэйд вырабы не проста прадметы гігіены ці дэкору. Гэта – справа рук майстра, які ўклаў туды талент і кавалачак сваёй душы.


Пра Беларусь: “мне важна праяўляць любоў”

Я родам з Віцебска, пераехала ў Варшаву амаль 7 гадоў таму і вельмі сумую па сваёй сям’і, якая засталася там. І таму мне, як і кожнаму чалавеку, які пакінуў “роднае гняздо”, важна праяўляць любоў да Радзімы, да Беларусі, да сваёй роднай хаты, у сваёй творчасці, у сваёй дзейнасці. Напрыклад, я з’яўляюся пастаяннай удзельніцай беларускага Арт-Маркета вось ужо год. Таксама я выкарыстоўвала нашыя нацыянальныя сімвалы ў стварэнні ўнікальнай калекцыі натуральнага мыла і перыядычна імкнуся ўносіць беларускі каларыт у іншыя свае вырабы.


Пра сям’ю: “муж – мой ідэйны натхняльнік”

Цяпер у нас інтэрнацыянальная сям’я. Мой муж Кірыл родам з Кіева. Па сутнасці, уся наша творчасць узнікла менавіта з яго падачы, ён – мой ідэйны натхняльнік. Ва Украіне ён з сястрой займаўся вырабам натуральнага мыла, скрабаў для цела і араматычных сашэтэк. Пазней, калі ўжо пераехалі і асвоіліся ў Варшаве, мы адкрылі ўласны брэнд, ужо палягаючы на яго досведзе і змаглі развіваць яго ў новых кірунках. Менавіта яго рукамі ствараюцца выдатныя бомбачкі для ваннаў, гелевыя свечкі з пахам віна і многія іншыя вырабы. Менавіта дзякуючы яго дапамозе і падтрымцы, мне ўдаецца спраўляцца са складанасцямі і працягваць творчасць.


Пра творчасць: “гэта мая аддушына”

Калі я задумваюся аб сваім творчым шляху, я разумею, што майму станаўленню як рамесніка спрыялі з дзяцінства. Мяне ніколі не абмяжоўвалі ў творчасці. Памятайце, як у вершы Барто: “Драмкружок, кружок по фото, хоркружок — мне петь охота…” Так-так, гэта пра мяне. Больш за 20 розных студый, гурткоў і да таго падобнага з ранняга дзяцінства і да самага канца студэнцтва. А далей – знаёмства з мужам, пераезд у Варшаву і пачатак сапраўднай рамесніцкай дзейнасці ў 2018 годзе. Дарэчы, мы нядоўга думалі над назвай брэнду. Нам хацелася, каб яно асацыявалася з чымсьці мыльным, і так нарадзілася ангельскае Soap Bubble, што перакладаецца як “мыльная бурбалка”.

Брэнд – а разам з ім і мы – мяняліся і развіваліся, перажывалі творчыя і жыццёвыя крызісы. У рэшце рэшт мы змаглі стабілізавацца і пачаць рухацца ў новых кірунках, напрыклад, выстаўляць нашую прадукцыю на выставах ці ў інтэрнэт-краме. Таксама ў хуткім часе мы хацелі б зрабіць рэбрэндынг нашай маркі, пад новай назвай (“Naturalna soap”) і з новымі вырабамі.

І маё творчае жыццё не заканчваецца на гэтым. Я раблю мазаікі з дыяментаў, збіраю канструктары, а са з’яўленнем уласнай паліграфічнай фірмы вельмі нядрэнна паказваю сябе ў праектным дызайне.

І як спяваецца ў адной вядомай песні, я 1000 разоў абрывала правады, 1000 разоў хацела ўсё кінуць – і ўсё адно я іду гэтым шляхам, працягваю шукаць і знаходзіць новыя шляхі творчасці для сябе.

Мая творчасць – гэта мая аддушына. Яна дае мне спакой і задавальненне, дазваляе атрымліваць асалоду ад спраў маіх рук. Найлепшая пахвала для мяне – задаволены пакупнік, які вярнуўся, таму што яму так спадабаўся выраб, што ён вырашыў купіць камусьці ў падарунак гэта, гэта і яшчэ вось гэта. Таму я стараюся вынаходзіць нешта новае, стараюся здзіўляць. І калі маё “вынаходства” з’яўляецца на свет – гэта дакладна адзін з найлепшых момантаў.

Я люблю крэатыў. Напрыклад, да розных тэматычных маркетаў я падыходжу з асаблівай увагай. Бомбачкі ў выглядзе кацялкоў з зеллем на Хэлоўін? Лёгка! Мыла ў выглядзе фігурак Лега? Гэта да мяне! Ну і вядома, як фанат Гары Потэра, люблю дадаць у свае вырабы крыху магіі. Як жа без гэтага? У мяне ёсць нават спецыяльная серыя свечак на гэтую тэматыку.

Беларускае Радыё Рацыя