BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурніцкія беларускія падзеі гэтага тыдня

У панядзелак у Варшаве граюць супольны канцэрт фолк-панк-гурт “The Real McKenzies” і беларускія фолк-панкі “DZIECIUKI”.

На сцэне гурт “Дзецюкі”

У чацвер комік Дзіма Нарышкін дае ў Варшаве размоўны стэндап. Абяцае сакавітую і шчырую імправізацыю з заляй.

У чацвер у Берліне – прэзентацыя беларускага перакладу кнігі Юркі Іздрыка «Human Right». Над перастварэннем вершаў працавалі Наталля Русецкая і Алесь Плотка. 

У сераду ў Варшаве адкрываецца выстава «Застацца / Zostać», прымеркаваная да 60-годдзя ад дня нараджэння Алеся Пушкіна. Падзея аб’ядноўвае 19 прац ад 14 мастакоў і мастачак. У экспазіцыі — і аўтары, якія натхняліся творчасцю спадара Алеся Пушкіна, і мастакі, якія даследуюць досвед выгнання, пошуку каранёў, унутранай свабоды, памяці. У планах на вечар: гутарка пра Алеся Пушкiна, выступ жаночага хору SPIEVY, сэт DJ Xeenool, адкрыццё экспазіцыі і аўкцыён. Працуе выстава да 20 жніўня. Уваход вольны. 

У пятніцу ў Варшаве – паказ дакументальнага фільма «Выпадковая прэзідэнтка». Карціна распавядае гісторыю Святланы Ціханоўскай. Дзякуючы доступу стваральнікаў стужкі да спадарыні Святланы і яе каманды, у фільме зафіксаваны шлях гераіні ад хатняй гаспадыні да лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі. Рэжысёры фільма Майк Лернер і Мартын Херынг так гавораць пра стужку і яе гераіню: «Неверагодная адвага Святланы Ціханоўскай і тысяч звычайных беларусаў, якія не пагаджаюцца з тыраніяй, для нас усіх з’яўляецца прыкладам сілы асобы ў барацьбе за праўду і справядлівасць».

У Кракаве працягваецца выстава беларускіх мастакоў «Чалавек на скрыжаванні: зямля, бетон і плоць», якая стваралася на арт-пляцоўцы Пікніка. Гэтая падзея — рэфлексія пра тое, хто мы і дзе мы, што нам дарагое, а ад чаго хочацца адвярнуцца. Зямля распавядае пра архаічнае, цёплае і блізкае: пра бабуліны рукі, суседскую яблыню і той самы пах лесу. Бетон паказвае гарадскія сеткі і куты, жывую штодзённасць, шурпатасць фасадаў і ток электрычнасці па жылах. Плоць глядзіць тварамі і целамі людзей, іскрыць эмоцыямі і прымушае ўглядацца ў вочы. Івэнт працуе да 6 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя