BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурніцкія беларускія падзеі замежжа

У Беластоку толькі да 15 кастрычніка працягваецца фотавыстава Пятра Вуйціка і Ірыны Арахоўскай «Спаць спакойна». Падзея презентуе партрэты беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы.  Гэта спалучэнне хвалюючых фатаграфій і пісьмовых гісторый, якія фіксуюць важныя моманты для вялікай супольнасці эмігрантаў з Беларусі і іншых краін, што пацярпелі ад таталітарных рэжымаў, а апынуліся цяпер у Польшчы.

У аўторак жа – 15 кастрычніка – прадзюсерская ініцыятыва INEXKULT працягвае тэатральны INEX FEST спектаклем «Да дому наўпрост 10 гадзін язды» ад тэатра «Без назвы». Гэта гісторыя трох дзяўчын-імігрантак, якія выпадкова сустракаюцца на пляжы ў Гданьску. Яны дамаўляюцца аб сустрэчах каля мора і дзеляцца сваім досведам і пацешнымі гісторыямі пра пераезд: моўныя бар’еры і падарожжы, спробы пазнаёміцца і асімілявацца, пошукі адказу на пытанне «што такое дом» і раёнаў горада, падобных на іх родныя мясціны, і шмат чым іншым. Аднак пры спробе пабудаваць новы шлях на плячах усё яшчэ вісіць «заплечнік ранейшага жыцця», які даволі цяжка скінуць. Ролі выконваюць Ірына Купчанка, Елізавета Мілінцэвіч, Жэня Давідзенка. Кампазітарка і рэжысёрка — Жэня Давідзенка.

У панядзелак, 14 кастрычніка, беларуская суполка RAZAM e.V. запрашае на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай у Берліне.

15, 16 і 17 кастрычніка Купалаўцы ладзяць у Варшаве прэм’еру спектакля «Экстрэмісты» па п’есе Юлі Цімафеевай. Гэты спектакль пра людзей, якія аднойчы выйшлі на вуліцы, узброеныя барабанамі, гітарамі і бубнамі, махалі сцягамі і спявалі пра перамены, што ніяк не адбудуцца. За гэта на сваёй радзіме яны былі абвешчаны экстрэмістамі. Ролі выконваюць Зоя Белахвосцік, Кацярына Яворская, Аляксандр Зелянко, Сяргей Чуб. Рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў.

16 кастрычніка, у сераду, у Прагу прыбывае з канцэртам беларускі баяніст Ягор Забелаў. У яго руках інструмент становіцца прыладай для стварэння містычных перажыванняў, а выступленні набываюць форму музычнага рытуалу. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: 34mag.net