BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у Польшчы

Прапануем разам з намі пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей, якія пройдуць у Варшаве і Беластоку.

У Варшаве 7 верасня Школа беларускай традыцыйнай культуры запрашае на майстар-клас па вырабе свечак-жаданіц. Удзельнікі  даведаюцца пра асаблівасці вырабу свечак з натуральнага воску;  самастойна зробяць іх, а таксама правераць, якім чынам розныя колеры ўплываюць на здзяйсненне мараў. Да ўсяго чальцы сустрэчы вып’юць духмянай кавы, ліпавай гарбаты і прабавяць час у сябройскім асяроддзі. Усе неабходныя матэрыялы будуць падрыхтаваныя для кожнага ўдзельніка.


Таксама ў Варшаве 7-га верасня – 3-ці фестываль беларускай музыкі “Грай”, які адбудзецца ў Odessa club. У праграме – выступы найлепшых беларускіх гуртоў: Volski, Dzieciuki, Relikt, RSP, Nochy, Kurwadziki.

У Беластоку 7-га верасня пройдуць заняткі фітнэсам пад кіраўніцтвам дасведчанага трэнера з Беларусі, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы алімпійскай зборнай сваёй краіны. Мерапрыемства разлічанае на людзей рознага ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі і ўзросту. Прапанаваныя практыкаванні дапамагаюць знізіць стрэс, прадухіліць выгаранне і палепшыць фізічны стан. Пасля заняткаў адбудзецца інтэграцыйны пікнік з аніматарам, дзе ў свабоднай атмасферы вы зможаце падзяліцца ўражаннямі і пазнаёміцца з іншымі ўдзельнікамі.

А ў нядзелю, 8-га верасня, у Беластоку ж – акцыя з нагоды Дня Беларускай вайсковай славы. Менавіта 8 верасня 1514 года адбылася знакамітая Бітва пад Воршай: падчас яе войскі ВКЛ разбілі значна большае па колькасці войска Маскоўскай дзяржавы. “У гэты дзень мы з гонарам узгадаем не толькі падзеі тых далёкіх дзён, але і нашых сучаснікаў – мужных беларускіх ваяроў, што змагаюцца зараз за свабоду Украіны, свабоду Беларусі!”, – кажуць арганізатары.

10-га верасня ў Варшаве – сустрэча “Бітва пад Воршай у кантэксце палітыкі і вайсковага мастацтва XVI-XVII стагоддзяў”. Кандыдат гісторычных навук, спецыяліст па грамадска-палітычнай і ваеннай гісторыі ВКЛ XVI — XVII ст.ст., сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Віктар Якубаў распавядзе пра значэнне Аршанскай бітвы ў кантэксце барацьбы за ўсходнія межы ВКЛ, яе ўплыве на гісторыю княства, а таксама пра новае ўзбраенне і тактыку войска ВКЛ і яго польскіх саюзнікаў падчас бітвы.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя