BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету

У панядзелак, 22-га ліпеня, – канцэрт Купалаўцаў «Zaproszenie do piekła» ў Любліне.

Наведвальнікаў чакаюць 13 песень легендарнага Яцака Качмарскага ў сучаснай музычнай інтэрпрытацыі. Толькі адзін канцэрт — апошні жывы выступ у гэтым сезоне! Рэжысёры — Павел Пасіні, Даніэль Сламіньскі.

У Вільні ў панядзелак – сустрэча з Вольгай Бубіч. Два гады таму, у 2022-м, аўтарка прэзентавала ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры сваю другую фотакнігу «Мастацтва (не) памятаць». Праект з таго часу працягвае развівацца і жыць у самых розных формах: ад лекцый і варкшопаў у ЗША, Нямеччыне, Грузіі і Ганконгу да эксперыментальнага аўдыёвізуальнага перформансу, які штутгарцкі калектыў зараз выконвае ў еўрапейскіх тэатрах. Спадарыня Вольга раскажа пра новыя напрамкі свайго даследавання траўматычнага мінулага Другой сусветнай вайны, прадстаўленага ў мемарыялах на месцах былых канцэнтрацыйных лагераў у Нямеччыне, Польшчы, Аўстрыі, Італіі і Чарнагорыі, і ролі прыроды як «суб’екта» калектыўнай памяці.

У аўторак, 23-га ліпеня, – вечар памяці Уладзіміра Караткевіча ў Варшаве. 25 ліпеня спаўняецца 40 гадоў з моманту ягонай смерці. Падчас сустрэчы згадаюць пра лёс і творчы шлях пісьменніка. Зянон Пазняк падзеліцца ўласнымі ўспамінамі пра Уладзіміра Караткевіча.

Культуролагі Аляксей і Вікторыя Васільевы распавядуць пра крэсавыя рэлікты сарматызму ў культурнай памяці аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» і яе экранізацыі.

Таксама ў аўторак у Варшаве – канцэрт гурта PyLai. У 2020-м хлопцы далі безліч дваровых выступаў. Аднымі з першых трапілі ў чорныя спісы. Запісалі вядомыя кампазіцыі «Мафія», «Женщины не гуляют», «Предатель», пасля чаго прыпынілі музычную дзейнасць, засяродзіўшыся на грамадскай. У выніку змушанай эміграцыі лідары гурта ўпершыню за доўгі час сустрэнуцца ў Польшчы, карыстаючыся эксклюзіўнай магчымасцю, дадуць акустычныя выступы. Мы пачуем рознажанравыя кампазіцыі на стыку любоўнай лірыкі, палітыкі і меланхалічнай рэфлексіі – песні з запісанага альбома «Гранёны» і нявыдадзеных альбомаў «Бытавы» і «Грамадскі».

Беларускае Радыё Рацыя