Запрашаем разам з намі пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы.
У суботу, 25-га траўня, у Лодзі – сустрэча са Змітром Лукашуком. Дзеяч прэзентуе свае кнігі з цыкла «Беларуская нацыянальная ідэя». Таксама будзе магчымасць паразмаўляць і задаць свае пытанні. А падчас музычнай паўзы заспявае Алесь Лютыч з гурта :B:N:.

У Беластоку тым чысам – тэатралізаваная экскурсія. У суботу, 25-га траўня Баярын Васіль Барташэвіч (шляхціц і былы соймікавы рубайла, малодшы настаўнік шармеркі ў Вайсковай Акадэміі), у адсутнасці Яна Клеменса Браніцкага, час ад часу шпацыруе ўначы алеямі парка і марыць аб былой велічы Рэчы Паспалітай… Што за скандалы вакол Браніцкага і яго жонкі? Як сплятаецца дзяржаўная палітыка і прыватная паранойя дробнага патрыёта? Хто ж замахваўся на Аўгуста ІІІ?… Што незвычайна — то тут, то там ён знаходзіць галаваломкі, запіскі і іншыя дробязі. Куды ж яно ўсё вядзе? Без дапамогі не разабрацца.
Уроцлаў, субота – дабрачынны канцэрт «Да волі». У праграме: дранікі і напоі за данаты, вядомыя музычныя выканаўцы, усім вядомыя песні, размовы па душах. Граюць: Аляксандр Памідораў, «Вольныя птахі», Вячаслаў Кміт, Даніла Вашкевіч, «Навошта» і Znak stop. Уваход вольны, але шчодрасць вітаецца!
У Варшаве цягам выходных будзе адкрыты Беларускі стэнд на Кніжным Кірмашы. Тут можна будзе набыць кнігі выдавецтваў SkarynaPress, Miane Niama, “Янушкевіч”, Fundacja Kamunikat.org, Gutenberg Publisher і іншых.
Таксама працягваецца выстава Пятра Войціка і Ірыны Арахоўскай «Спаць спакойна» ў Варшаве. Падзея, якая вядзе нас у падарожжа па гісторыях, эмоцыях і надзеях беларускіх мігрантаў у Польшчы.
У нядзелю, 26-га траўня, – спектакль «Мора Хрысціны» ў Варшаве. Гэта п’еса аб падзеях 9-14 жніўня ў беларускіх РАУСах. Гвалт, зверства і забойствы. Героі п’есы, якія выступілі супраць скрадзеных выбараў і трапілі за краты, сутыкаюцца ў жорсткім канфлікце з сілавікамі. Яны праходзяць праз жудасныя катаванні і здзекі, у той час, як для міліцыянтаў гэта звычайны працоўны дзень. Дзень, калі беларускае грамадства раскалола глыбокая прорва. Рэжысёр — Андрэй Новік.
Таксама ў нядзелю можна будзе наведаць выступ гурта Relikt у Варшаве. Аксамітны і эмацыйны голас Уладзіміра Казлова і інструментальнае выкананне ад Віталя Макшуна, Дзмітрыя Наркевіча і Аляксандра Дземідзенкі перанясуць у залатую эру беларускага адраджэння 1990-х і нагадаюць гранджавы unplugged. Relikt сыграе песні з альбома «Былі, Ёсць, Будзем» (такія як — “Беларусь мая”, “Пляц Францыска”, “Я жыў”, а таксама ўсе найлепшыя песні за гісторыю гурта).
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя