
Пагартаем культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы і не толькі.
1-га чэрвеня ў Вільні – вечарына White Dress Event. Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) запрашае ўсіх адзначыць Міжнародны дзень дзяцей. У праграме: размовы пра адукацыю і медычную апеку дзяцей у Літве, пытанні юрысту аб правах дзяцей, з удзелам прадстаўнікоў бацькоўскага камітэту беларускай гімназіі ім.Скарыны ў Вільні; размова з прадстаўнікамі муніцыпалітэту Вільні, адказнымі за адукацыю; падвядзенне вынікаў дабрачыннага збору для дзяцей палітзняволеных у Беларусі; кірмаш прадуктаў і паслуг для дзяцей.
У Варшаве 1-га чэрвеня – 3 вялікія музычныя імпрэзы.
Гурт «Разбітае сэрца пацана» ладзіць канцэрт да Міжнароднага Дня Дзяцей. Абяцае новыя песні.
Бэнд «Петля Пристрастия» распачынае ў сталіцы Польшчы тур у падтрымку новага сінгла «Квант». На наступны дзень – 2 чэрвеня – хлопцы прыязджаюць з выступам у Кракаў.
І таксама ў Міжнародны дзень дзяцей адбудзецца падзея BELARUS OUTSIDE SOUND SYSTEM. Артысты-ўдзельнікі дабрачыннага падарожжа рыхтуюць сакрэтную музычную супермоц, каб патрапіць кожнаму пасажыру ў сэрдца і выканаць агульную місію — сабраць данаты на летні адпачынак дзецям беларускіх палітвязняў. Сярод выступоўцаў – Anastasia Rydlevskaya, George Dobro, Papa Bo Selektah, Ana Zhdanova і іншыя. Уваход — данат ад 20 злотых.
На Падляшшы – фестываль SONCAHRAJ. 31 траўня ў Беластоку распачнецца імпрэза беларускай традыцыі. Таксама падзея адбудзецца ў Вітаве, Супраслі і Навасадах. У межах яе пройдзе шэраг канцэртаў, дзе сярод іншага будуць гучаць аўтэнтычныя спевы і традыцыйная музыка Беласточчыны.
Сярод іншага – у Варшаве таксама працягваецца выстава «Suitcase». Яна паглыбляе ў разнастайны досвед тых, хто вымушаны ратавацца ад крызісных сітуацый, натхнёная кароткаметражным фільмам арт-праекта «Revolution». Наведвальнікаў чакае шматсэнсарны вопыт, які запрашае іх даследаваць эмацыйны і фізічны багаж тых, хто адправіўся ў шлях уцёкаў. Асноўная тэма круціцца вакол пытання: «Што б вы паклалі ў сваю валізку, калі б вам трэба было тэрмінова з’ехаць?»
18-га чэрвеня ў беларускім клубе Scena Chmielna у Варшаве – канцэрт Лусінэ «ЛУ» Геваркян, салісткі гурта Louna, ex-Tracktor Bowkling, якая вяртаецца ў Еўропу з абноўленай праграмай канцэрта.
Творчы вечар Лу – гэта вядомыя з першых нот і любімыя слухачамі песні з рэпертуару яе гуртоў – у акустычных аранжыроўках, а таксама кавер-версіі сусветных хітоў і атмасферныя экспромты, калі Лу выконвае кампазіцыі сумесна з кімсьці з гледачоў. Унікальнасць гэтага канцэрта і яго фармату таксама ў тым, што ўсе жадаючыя змогуць пагутарыць з Лу, задаць пытанні і проста пагаварыць пра жыццё, музыку, успомніць розныя туравыя гісторыі, падзяліцца сваімі – словам, выдатна правесці час у душэўнай кампаніі.
Беларускае Радыё Рацыя