Прапануем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы.

У суботу, 8-га чэрвеня, у Вроцлаве – апошняя ў сезоне сустрэча «Мовы Нанова». Спецыяльны госць падзеі – рок-музыка Лявон Вольскі.
А ў Варшаве ў гэты ж дзень – творчая сустрэча з Кацярынай Кузьмічовай. Спікерка распавядзе пра свой свежы праект «BETONIUM», які ўяўляе сабой даследаванне сучаснай ідэнтычнасці ў краінах былога Усходняга блоку. Спадарыня Кацярына разглядае архітэктурную спадчыну — плітныя жылыя дамы, якія фармуюць гарадскі ландшафт, і асабістыя гісторыі жыхароў. Аўтарка наведала Польшчу, Славакію, Венгрыю, Чэхію, Грузію, Літву, Эстонію і Беларусь, даследавала, як савецкая архітэктура паўплывала на сучаснае жыццё і ідэнтычнасць людзей. Сустрэчу будзе весці Лукаш Паўлоўскі з фундацыі Picture Doc.
Таксама 8-га чэрвеня ў Варшаве адкрыецца выстава «Гісторыя са дна студні». Яна працягнецца да 16-га чэрвеня. Удзел у падзеі бяруць Аліцыя Бяла, Art Project Revolution, Dobrawa Borkała, Юстына Гуроўска, Наталля Капыцько, Агнешка Шостэк. Куратарка — Катажына Піскож. На выставу запрошаныя мастакі, якія распавядаюць пра водныя суб’екты. Таксама пасля адкрыцця запрашаюць на афтэпаці.
У Гданьску ў суботу – пленэр з Ліліяй Бусаравай. Калі вы любіце арт, панк і нефармальнае кам’юніці, то вам сюды. Тут чакаюць два дні – 8 і 9 чэрвеня – абсалютнай творчасці з магчымасцю пераночыць у майстэрні Dzivne.
Сёння, 7-га чэрвеня, у Познані адкрываецца выстава Вольгі Баравіковай «Самасць». 365 аўтапартрэтаў у экспазіцыі выставы мастачка стварала на працягу года, кожны дзень у тую ж самую гадзіну. Гэта дзённік, які дапамагае дзеячцы лепей спазнаць сябе, падсумаваць дзень і ў нейкім сэнсе прызямліцца ў штодзённасці. Працы створаныя на падручных матэрыялах: гэта старонкі старых кніг, нататнікі, папяровыя рахункі. Усе партрэты выкананыя рознымі тэхнікамі, а сабраныя ў адзін вобраз дазваляюць ацаніць мімалётнасць і разнастайнасць жыцця. Падзея працягнецца да 28-га чэрвеня.
Вольга Баравікова нарадзілася ў Менску. Скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «архітэктура». Працуе ў розных тэхніках, такіх як калаж, малярства і графіка.
У нядзелю, 9-га чэрвеня, у Кракаве прэзентуюць кнігу «Беларусы ў Польскім Войску (1919 — 1947)». На сустрэчу завітае прафeсар Варшаўскага ўніверсітэта Юры Грыбоўскі. Кніга — вынік шматгадовай працы ў архівах сямі краін.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






