Запрашаем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы.
У Лодзі ў суботу, 6-га красавіка, – канцэрт бярозаўскага рок-гурта :B:N:. Прэзентацыя новых песень і хіты, правераныя часам.

У пятніцу, 5 красавіка, у Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі – паказ эскізу ў чатырох дзеях “Шчасьлівы муж” паводле п’есы Францішка Аляхновіча. Нас чакае “старасвецкая камедыя пра мяшчанскую Вільню у свежай інтэрпрэтацыі нашага стагоддзя”. Рэжысэр, аўтар адаптацыі – Васіль Дранько-Майсюк. Уваход – free donation.
Варшава. Субота, 6-га красавіка, – Беларускія танцы. Заняткі для пачаткоўцаў праводзіць дасведчаная аматарка і актывістка, закаханая ў традыцыйны танец, Наталка Гапановіч. З сабой прапануюць узяць пітную ваду і зменны абутак. Witryna Domu Wschodniego, 18.30. Уваход вольны, вітаюцца данаты.
Таксама ў суботу – Czarna Owca Fest. На сцэне – менскія гурты Аpplepicker, Višniovy tort, Syndrom samazvanca і Мarasm arcadia.
У Познані ў нядзелю, 7-га красавіка, – прэзентацыя «Беларускага Дзіцячага Спеўніка». Першы спеўнік для дзяцей, складзены з беларускіх народных песень, сабраных вядомым фалькларыстам Антонам Грыневічам у перыяд з 1905 па 1924 гг. у розных кутках Беларусі. У выданне ўвайшлі 33 творы з мелодыямі — песні, прыпеўкі, калыханкі, забаўлянкі. Акрамя таго, укладальнік змясціў у зборнік не толькі прыклады фальклору для дзяцей, але і пазнаёміў з абрадавай і пазаабрадавай лірыкай, танцавальнымі творамі. Гэта яскравае перавыданне ў новым графічным афармленні з каляровымі малюнкамі, тлумачэннямі, тэкстамі лацінкай, па-беларуску і па-англійску. Таксама ёсць і аўдыёдадатак, каб слухаць і вучыць мелодыі песень самастойна. У плане падзеі 7-га красавіка – інтэрактыўная праграма ад Сержука Доўгушава і Андрэя Еўдакімава (Vuraj, Дыяфільм live). Познань, 7 красавіка.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя






