BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы

Запрашаем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы.

У Варшаве ў суботу, 13-га красавіка, – Першая беларуская музычная прэмія ў эміграцыі “Uwaga!”. Барацьба за званне найлепшых, яркія музычныя выступы і сюрпрызы — усё гэта на ўнікальнай падзеі! Спецыяльныя госці — Юры Стыльскі, Алесь-Францішак Мышкевіч і гурт “Atesta”. Afterparty забяспечае тандэм Пукст-Агаян.

Сярод намінацый Прэміі — “Дабрачыннасць году” і “Пераадкрыццё году”. У складзе журы былі музычныя журналісты, артысты, арганізатары імпрэз і іншыя. Прэмія ўлічвала дзейнасць намінантаў за 2023 год. Клуб Scena Chmielna, субота, 13-га красавіка.

Таксама ў суботу ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі – спектакль «NO EXIT». Гэта гісторыя пра тое, што ад вайны не ўцячы і не схавацца, нават калі моцна заплюшчыць вочы, альбо апынуцца ў цэнтры Лондана. Яна магла б скончыцца інакш, а хутчэй за ўсё і не адбылася б увогуле. Вайна карэктуе жыццё на свой лад і іншага выйсця, як прыняць рэальнасць яе існавання і паглядзець ёй ў вочы, — няма. Рэжысёрка пастаноўкі  — Юля Шаўчук. Музыка — Вольга Падгайская. Акцёры — Раман Шлыкаў і Таісія Пятрова.

А ў Лодзі 13-га красавіка – акустычны канцэрт Андруся Такінданга. Беларускі музыка, мастак, аніматар. Удзельнік гуртоў Recha, “Гаротніца”, аўтар анімацыйных фільмаў. У лістападзе 2020 года быў арыштаваны пасля дваровага канцэрту ў Менску, за “парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў” 15 содняў правёў на Акрэсціна. Але ў замежжы працягвае прасоўваць беларускую культуру.

У нядзелю ў Кракаве – вясенні кірмаш. Прапануюць разам радавацца вясне і закупацца на цёплы сезон! Беларускія майстры падрыхтавалі ўпрыгажэнні, свечкі, цішоткі, кераміку, цацкі, бранзалеткі і шмат чаго яшчэ. Тут пройдуць 2 майстар-класы: па фільцаванні (сухім валянні з воўны) і па вырабе бранзалетаў і напарсткаў з бісеру. Уваход вольны.

А ў наступную пятніцу, 19 красавіка, прадзюсарская ініцыятыва INEX KULT запрашае на спектакль Паліны Дабравольскай «СОМА». «СОМА» – гэта шматдысцыплінарны праект на мяжы музыкі, тэатра і тэхналогій, які даследуе чалавечае існаванне, свядомасць і патэнцыйную будучыню чалавецтва. Мастакі запрашаюць гледача паглыбіцца ў лічбавую сферу і не толькі, адкрываючы, што значыць быць чалавекам у свеце, дзе значэнне слова «чалавек» пастаянна развіваецца. Спектакль ідзе на ангельскай мове. Варшава, 19-га красавіка.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя