Прапануем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы.
У пятніцу, 3 траўня, Света Бень грае канцэрт “Камета не прыляцела” у Варшаве. На імпрэзе Бенька выканае свае песні пад укулеле, гармонік і кішэннае піяніна. Будуць песні зусім новыя і зусім не новыя. Вынятыя з абгорткі вялікіх аранжыровак, выкананыя аўтаркай у тым выглядзе, у якім яны першапачаткова з’явіліся на свет. Выступ будзе складацца з 2 аддзяленняў, і, як кажуць арганізатары, “ніводная камета падчас канцэрта не ўпадзе ў раёне варшаўскай вуліцы 11 Listapada”.
Таксама ў Варшаве, але ўжо ў суботу, 4-га траўня, Света Бень зладзіць 2 паказы спектаклю “Беспрацоўнае дрэва”. Запрашаюцца дзеці ад 5 гадоў і добра выхаваныя дарослыя.
Гэта гісторыя дрэва, якое змушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала… дрэвам. Яго чакае дарога, напоўненая прыгодамі — то цудоўнымі, то небяспечнымі, а то і абсалютна нечаканымі. У гэтым монаспектаклі выкарыстоўваюцца тэатральныя лялькі і аб’екты, створаныя берлінскай мастачкай Лінай Хесінай. Гісторыю прыдумала, расказвае і паказвае актрыса і рэжысёрка Света Бень. Музыка — Лёня Башаркевіч. Працягласць — 1 гадзіна. Спектакль ідзе на беларускай мове.
У пятніцу ў Варшаве – дакументальны спектакль «How are you?». Падзея адбудзецца ў Музеі Вольнай Беларусі.
«How are you?» — гэта спектакль-вербацім, што расказвае рэальныя гісторыі людзей, якія апынуліся ва ўмовах вайны. Тут і замалёўкі ўцекачоў з Кіева і Вінніцы, досвед эміграцыі ў Румыніі, Германіі, згадваюцца трагедыі Бучы і Марыупалю. Спектакль выконваецца на ўкраінскай, беларускай і рускай мовах з польскімі субтытрамі. Усе сабраныя сродкі будуць пералічаныя на дапамогу «Цэнтру для перасяленцаў горада Херсон».
У чацвер, 9 траўня, Паліна Дабравольская і яе праект CHORNABROVA прэзентуе ў Варшаве новы альбом “СОМА” . Кампанію складуць падляшскія артысты Sw@da x Niczos. “CHORNABROVA” спалучае ў сваіх песнях электронную музыку з народнымі матывамі.
Драматургія альбома складаецца з гісторыі штучнага інтэлекту Coma, які існуе па-за традыцыйнай цялеснасцю і досведам. Ён паглыбляецца ў тэмы чалавека і чалавецтва, палітыкі, капіталізму, міграцыі, Зямлі, экалогіі і сутнасці быцця. Кожная песня – гэта гісторыя стасункаў Комы з нашым светам.
І ў аўторак, 7 траўня, Тутэйшы тэатр грае ў Варшаве спектакль «Гаральд». Пры ўдзеле Сяргея Пукста. Гаральд – гэта форма, структура для акторскiх iмправiзацый, з дапамогай якой на вачах гледача нараджаецца кампазiцыя iмправiзаванага спектакля. Што адбываецца на пляцоўцы падчас Гаральда? Абiраецца тэма для iмправiзацыi. Затым акторы iмправiзуюць (ствараюць сцэны, маналогi) на тэму, якiя мусяць скласцiся у цэльную кампазiцыю з пачаткам i фiналам. Таксама разам з акторамi iмправiзуе музыка i мастак па святле. Уваход – free donation. Патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Марына Савіцкая, беларускае Радыё Рацыя