BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы

Уроцлаў, субота, 9 сакавіка. Заняткі “Мова Нанова”. Тэма – “Выбітныя жанчыны ў гісторыі Беларусі”.

Падчас падзеі арганізатары прапануюць паразмаўляць пра асабістую гісторыю і ўнёсак у агульную спадчыну 12-ці выбітных беларускіх жанчын – гераінь праекту.


А ў Кракаве ў гэты ж дзень, 9-га сакавіка, – майстар-клас па акварэлі на беларускай мове. Падчас яго ўдзельнікі падрыхтуюць малюнак кветак, якія будуць сімвалізаваць пачатак вясны! На занятак можна прыходзіць з любым узроўнем валодання пэндзлем.


На наступны дзень у Кракаве – свята Гукання вясны! Тут прапануюць распальваць вогнішча, гатаваць глінтвейн, гарбату і ежу. Натуральна, звернуцца і да абраду нашых продкаў, а таксама пусцяцца ў беларускія народныя танцы.

У Варшаве таксама чакаюцца насычаныя выходныя

У суботу, 9-га сакавіка, – канцэрт гурта :B:N:. Выступ поўным складам і з прэзентацыяй новай песні. Музыка калектыву – гэта мікс сучаснага і класічнага еўрапейскага року з меладычным вакалам і дынамічным гітарным гучаннем.


Тады ж – і вернісаж Паўліны Дземідовіч “Да слёз”. Гэта асабістая гісторыя мастачкі, у жыццё якой раптам прыйшоў гвалт. Але ці такая яна асабістая? Уваход – donation. Палова грошай пойдзе мастачцы, а другая – на падтрымку арганізацыі “Martynka”, якая з пачатку вайны дапамагае ахвярам гвалту.


9-га сакавіка, – пастаноўка “Паслядзяцінства. Паслябегства”. Спектакль заснаваны на асабістых гісторыях і адлюстроўвае шлях маладых людзей, якія перажылі двайную міграцыю. Спачатку яны ўцякалі ад рэпрэсіяў у Беларусі, а потым – ад вайны ва Украіне. У цэнтры ўвагі не толькі праблемы ўцекачоў, але і адносіны з бацькамі. Граюць спектакль студэнты тэатральнай школы Free Artist.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя