У суботу, 31-га жніўня, у Варшаве – творчая сустрэча з Ганнай Янкутай. Сёлета ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла трэцяя кніга прыгод менскага ката — «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік». На сустрэчы аўтарка раскажа пра тое, як нарадзіўся Шпрот і як яна прыдумала пра яго гісторыі. Таксама пакажа «пасхалачкі», схаваныя ў ілюстрацыях яе кніг, створаных Ліліяй Давыдоўскай. Дзетак чакаюць цікавыя гульні ды чытанкі з кнігі. Уваход вольны.
Таксама ў суботу ў Варшаве пройдзе фестываль моды і прыгажосці «Апранай сваё». Нас чакаюць маркет, лекцыі і майстар-класы, прэзентацыя новага YouTube канала пра моду, паказ ад беларускіх дызайнераў, розыгрыш прызоў і падарункаў ды шмат іншага. За дадатковую плату можна наведаць практычныя майстар-класы па фэйс-фітнэсе, макіяжы для сябе, стварэнні тэкстыльных шэдэўраў, а таксама майстар-клас для дзетак — «Друк ілюстрацый у тэхніцы лінагравюры на цішотцы». Уваход вольны.
У суботу, 31 жніўня, Беластоцкі Музычны Клуб адкрывае новы сезон на новым месцы і запрашае на першы ўрачысты канцэрт. Там зайграюць Кацярына Ваданосава і акустычныя NaviBand. Абяцаюць таксама прэзенты ад паба «Beer4You» і афтэпаці да ранку.
У Лодзі ў суботу – канцэрт Аляксандра Памідорава. Знаёмыя і новыя песні, сустрэчы са старымі і, магчыма, новымі сябрамі — вечар абяцае быць пяшчотным. Уваход — free donation.
У нядзелю ў Тбілісі – мастацкі майстар-клас на вольным паветры. Разам з мастачкай Анастасіяй Аўралёвай будуць рабіць лінейныя накіды ўсяго, за чым можна паназіраць вакол. Гэта будуць хуткія практыкаванні на развіццё пачуцця формы. Спадарыня Анастасія распавядзе, як з дапамогай лініі выразна выявіць форму. Такая практыка будзе карыснай як для прафесійных мастакоў і мастачак, так і для тых, хто трымаў аловак апошні раз у школе. Працягласць майстар-класа — 1,5 гадзіны. Маляваць будуць каляровымі алоўкамі, пастэллю, мялкамі, маркерамі. Усё неабходнае дадуць, але, калі ёсць любімыя матэрыялы, бярыце з сабой.
А ў Варшаве 1-га верасня пройдзе восеньскі арт-маркет. Тут вы зможаце знайсці мноства рэчаў, якія дададуць у ваш дом стылю. Біжутэрыя, свечкі, хатні дэкор, натуральная касметыка і мыла — усяго не пералічыць. А ў 13.00 абяцаюць выступ Лявона Вольскага.
Беларускае Радыё Рацыя






