У суботу, 13-га ліпеня – летні беларускі пікнік у Парыжы.

Купалле ў Партугаліі адзначаць 13-га ліпеня. У праграме: традыцыйныя беларускія танцы і гульні, пляценне вянкоў, спеўны гурток, старажытныя абрады.
Таксама ў суботу, але ў Варшаве – Белквірфэст. Імпрэза распачнецца лекцыяй-дыскусіяй «Уводзіны ў гісторыю беларускага ЛГБТК+ актывізму». Лектар і мадэратар — Змiцер Ермаловіч-Дашчынскі. Мова — польская. Пазней – літаратурны ФемКвiрСлэм. Мадэрацыя — Тонi Лашдэн. Мовы — беларуская, руская, польская. А на завяршэнне – BelQueerParty. House / Trance / Groove / Eurodance граюць беларускiя DJs.
Таксама ў суботу ў сталіцы Польшчы – выстава Sasha 89° «Мае дзіўныя тыгры». «Тыгры велічныя і бясстрашныя. З дзяцінства я любіла котак, як вялікіх, так і маленькіх. Ці можа дзіцячае захапленне стаць прызваннем жыцця? Для мяне тыгры сімвалізуюць святло, якое змагаецца з цемрай. Маё мастацтва — гэта спосаб справіцца з надыходзячым змрокам: гвалтам, вайной, пачварнымі палітыкамі і несправядлівасцю. Мае тыгры — гэта мой унутраны свет, поўны святла і сілы з дзіцячых мар. Гэта маё паведамленне: святло заўсёды перамагае цемру, і ўсе мы маем сілу змяніць свет да лепшага», — кажа мастачка. Выстава працягваецца да 26 ліпеня.
У Кракаве – фотавыстава «HUMAN». Гэта выстава-роздум, падарожжа ў свет незнаёмых людзей. Асноўнае пытанне, якое ставіць экспазіцыя: «Чаму я чалавек?» Нас чакаюць працы 8 фатографаў і фатографак — усяго 36 чорна-белых фотаздымкаў.
14-га ліпеня ў Познані – дзіцячыя тэатральныя майстэрні «Карабякі, ці Загадкавая гісторыя з-пад ложка». Куды гэта знікаюць шкарпэткі і цукеркі? Напэўна, тут не абыходзіцца без нейкай таямніцы. А дзе ёсць таямніца, там і пачынаецца прастора даследавання, назірання і фантазіі.
У Варшаве 14-га ліпеня – пікнік з Сашам Івуліным. Абяцаюць гутарку ў нефармальнай абстаноўцы з блогерам і футбалістам Аляксандрам Івуліным пра тое, дзе знаходзіць трываласць у няпростых умовах і як перавынайсці сябе, каб рухацца наперад.
А ў Лодзі – беларускі стэндап Канавала і Калінкіна. Паўтары гадзіны стэндапа, імправізацыі і вясёлых гісторый пра эміграцыю.
У Вільні ў нядзелю – гарадскі квэст «Жанчыны Вільні». Тут чакаюць гісторыі выбітных літаратарак, мецэнатак, грамадскіх дзяячак, якія пакінулі свой след у гісторыі Вільні.
І яшчэ 14-га ліпеня ў Цюрыху – дзве сустрэчы з Ганнай Янкутай. Першая – для дзетак — з удзелам знакамітага ката Шпрота. Абяцаюць гульні, віктарыны, забавы ды розныя сюрпрызы. Другая – для дарослых. Спадарыня Ганна прэзентуе сваю кнігу «Час пустазелля», і будзе час для гутарак пра жыццё, эміграцыю і літаратуру.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






