BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету

У суботу, 20-га ліпеня, – турнір памяці Мікіты Крыўцова ў Варшаве. Мікіта — футбольны фанат, забіты пасля пратэстаў у жніўні 2020 года. Усяго плануецца ўдзел 20 каманд. Усе грошы з унёскаў пойдуць на правядзенне турніру ды для сям’і загінулага. Запрашаюць ушанаваць памяць пра беларуса, падтрымаць яго сям’ю ды паказаць супольную салідарнасць.

У Кракаве 20-га ліпеня – майстар-клас па маляванні эрбу «Летні настрой». Эрбу — гэта турэцкае мастацтва, дзе вы пры дапамозе спецыяльных фарбаў, пэндзлікаў, кійкоў і грабянцоў ствараеце на вадзе малюнак. Затым нібы пры праяўленні фотастужкі, вы прыкладаеце паперу да кампазіцыі — і яна пераносіцца на аркуш. Дзве асноўныя асаблівасці такога занятку — гэта тэрапеўтычны эфект ад медытатыўнасці малявання і магчымасць уласнаручна стварыць упрыгажэнне для свайго дому ці зрабіць камусьці файны падарунак. Вядоўца — Вольга Сакольчык. Яна навучалася ў майстроў у Менску і Стамбуле, а цяпер з захапленнем пазнаёміць з тэхнікай усіх ахвотных.

Беларускі бранч у Варшаве пройдзе 20-га ліпеня. Тут чакаюць смачныя стравы, утульны нэтворкінг, гукавыя медытацыі ад Дар’і Новік і падарункі!

Вечарына, прысвечаная ўкраінскай і беларускай культуры «Усе свае паці» пройдзе ў Вашынгтоне 20-га ліпеня. У праграме – чароўны вакал LILY, голас якой будзе гучаць усю ноч. HOPELEX рыхтуе наэлектрызаваныя ўкраінскія і беларускія мелодыі. Таксама можна будзе танчыць з гуртом 5051. Паўтары гадзіны яны будуць граць беларускія хіты. Адмысловы госць — стэндап-комік Бекір Мамедзіеў. І Afterparty караоке апоўначы.

У Кракаве – 21 ліпеня – прэзентацыя кнігі Марыі Гулінай «Ляцела белая птушка». «Я пішу нататкі пра падарожжы, пачынаючы з першай дзіцячай вандроўкі да мора. Чым далей, тым больш важнымі рабіліся не самі вандроўкі, не змена малюнка за вакном, а нябачная, але глыбокая сувязь, якую атрымліваецца ўсталяваць з горадам, месцам, чалавекам — і няважна, на год ці на дзень», — кажа спадарыня Марыя. Марыя Гуліна — журналістка і пісьменніца, працавала рэдактаркай анлайн-часопіса 34travel, валанцёрыла ў экалагічнай арганізацыі ў Чэхіі, будавала экасцежкі на Байкале, спрабавала сябе ў якасці матроса паруснага карабля каля ўзбярэжжа Партугаліі і шукала сляды сямейнай гісторыі на Камчатцы. Успаміны гэтых ды іншых вандровак – у новай кнізе.

21-га ліпеня ў Варшаве – мініфэст «Краіна скарбаў». Гульні, майстар-класы, спевы, казкі і прытчы, акторы-лялькі і акторы-дзеці, гарбата і ліманад, выстава і кірмаш.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя