BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету

Прапануем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету.

У панядзелак, 5-га жніўня, у Лондане адкрываецца выстава творчасці беларускіх палітвязняў. Чакае вечарына мастацтва, кіно і актывізму пад агульнай назвай «Лісты палітвязняў Лукашэнкі». Таксама тут пакажуць фільм «Выпадковы прэзідэнт» пра Святлану Ціханоўскую.

Таксама ў панядзелак, 5-га жніўня, але ў Вільні – канцэрт Рамана Арлова. На падзеі прагучаць песні «Будзьма Беларусамi», «Станцыя», «Вяртанне», а таксама «Маё Сонца» і іншыя хіты J:Морс аўтарства Рамана Арлова, і абсалютна новыя кампазіцыі.

А ў Варшаве 5 жніўня ў межах серыі трэнінгаў для грамадскіх актывістаў «Imaguru Solidarity Program» «Лідарства, Эфектыўнасць, Камунікацыя, Майстэрства» пройдзе трэнінг «Антыкрызісная Камунікацыя і Каардынацыя: Навучыся тушыць крызісы». У праграме: метады антыкрызіснай камунікацыі; хуткае рэагаванне на крызісы; зладжаная камандная праца; аналіз фільмаў і рэальных кейсаў. Удзел у падзеі бясплатны.

6-га жніўня – у дзень народзінаў закатаванага палітвязня-мастака Алеся Пушкіна – ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрываецца выстава «Ales Pushkin. AFTERLIFE». Канцэпцыя выставы грунтуецца на акцыях і перформансах Пушкіна, якія ён праводзіў у Беларусі з 1989 года і тэмах, якія застаюцца актуальнымі. На падзеі будуць прадстаўленыя працы Алеся Пушкіна, Руфіны Базловай, Аляксандра Васюковіча, Андрэя Дурэйкі, Яны Шостак і іншых. Куратар выставы – Андрэй Дурэйка. На вернісажы таксама выступіць Вольны Хор. Імпрэза будзе ладзіцца да 31 жніўня.

У аўторак, 6-га жніўня, у Вільні – майстар-клас па драўлянай цаццы «Кішэнны сябар». Удзельнікаў навучаць прыёмам і хітрасцям разбярства, пазнаёмяць з прыладамі, распавядуць пра тое, як правільна выбіраць дрэва і якія фарбы выкарыстоўваць, будуць дапамагаць і падказваць на кожным этапе.

9 жніўня ў‌ цэнтры альтэрнатыўнай культуры Przychodnia Skłot у Варшаве пройдзе дабрачынны канцэрт сучаснай рок-музыкі. На сцэне выступяць Relikt, Atesta, Sož, Aliaksandr Dzianisau i Beyond. Усе сродкі, сабраныя на мерапрыемстве, пойдуць да фонда «Alivia», які дапамагае людзям у барацьбе з ракам.  

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя