Прапануем разам з намі пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету.
У нядзелю, 10-га жніўня, у Варшаве выступіць Palina. Інды-поп спявачка і аўтарка з Менска. Palina стварае электронныя балады, у якіх можна пачуць чуллівы мінімалізм. Атмасферу яе трэкаў вызначае пяшчотны і адначасова пранізлівы вакал. Выразны візуальны стыль артысткі спалучае ў сабе тэатральнасць, абсурд і містыку. Cольная кар’ера Palina пачалася ў 2016 годзе. Праз 2 гады яна стала фіналісткай шоў X-фактар ва Украіне. Яе трэкі былі выкарыстаныя ў якасці афіцыйных саўндтрэкаў да папулярных серыялаў. У раннія гады творчасці Palina выступала пад псеўданімам Рэспубліка Паліна і выконвала лірычныя песні пад гітару.
На дзень раней, 9-га жніўня, дыяспары правядуць Дзень Годнасці. Дзень, які ўжо ўвайшоў у гісторыю Новай Беларусі. Беларусы Варшавы таксама зноў выходзяць на марш! “Гэтая падзея – адзнака таго, што мы не скарыліся, што нам не ўсё адно. Што мы памятаем і ганарымся тым, што мы – беларусы! Выходзьце ў колерах нашага пратэсту! Свята Годнасці, Гонару і Пашаны!” – кажуць арганізатары. Марш пройдзе маршрутам: Plac Żelaznej Bramy – Marszałkowska – Świętokrzyska – pomnik Kopernika. Збор пачынаецца ў 17.30.
Таксама 9 жніўня ў цэнтры альтэрнатыўнай культуры Przychodnia Skłot у Варшаве пройдзе дабрачынны канцэрт сучаснай рок-музыкі. На сцэне выступяць Relikt, Atesta, Sož і Aliaksandr Dzianisau. Усе сродкі, сабраныя на мерапрыемстве, пойдуць да фонда «Alivia», які дапамагае людзям у барацьбе з ракам.
У Варшаве ж адкрылася выстава «Ales Pushkin. AFTERLIFE». Канцэпцыя падзеі грунтуецца на акцыях і перформансах Пушкіна, якія ён праводзіў у Беларусі з 1989 года, і тэмах, якія застаюцца актуальнымі. На імпрэзе будуць прадстаўленыя працы Алеся Пушкіна, Руфіны Базловай, Аляксандра Васюковіча, Андрэя Дурэйкі, Яны Шостак і іншых. Куратар выставы – Андрэй Дурэйка. Мерапрыемства будзе ладзіцца да 31 жніўня.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя